Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэслаў Сэнюх – у гасьцях у "Свабоды"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Госьць Свабоды – Чэслаў Сэнюх, журналіст, літаратар, грамадзкі дзяяч, адзін з найбольш выбітных перакладчыкаў беларускай літаратуры на польскую мову. Найбольш значная праца спадара Сэнюха – пераклад “Новай зямлі” Якуба Коласа, над якім ён працаваў 10 гадоў. Пра пераклады беларускай літаратуры, творчасьць Васіля Быкава, іншых беларускіх пісьменьнікаў, а таксама пра цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі і спробу ўсталяваць помнік Янку Купалу і Якубу Коласу ў Варшаве з Чэславам Сэнюхам размаўляе наш варшаўскі карэспандэнт.

Чэслаў Сэнюх нарадзіўся ў польскай сям’і на Наваградчыне ў вёсцы Любча ў 1930 годзе – туды пераехалі ягоныя бацькі ў 1920-х гадах, уцякаючы ад бальшавікоў з Кіева, дзе яны раней жылі. А ў 1945 годзе сям’я Сэнюхаў пераехала ў Польшчу – спачатку ў Беласток, а потым спадар Чэслаў паехаў у Варшаву, дзе паступіў на вучобу. З Чэславам Сэнюхам мы сустрэліся ў адной з варшаўскіх кавярняў, дзе пад гукі джазу за філіжанкай кавы і адбылася нашая размова.

(Сэнюх: ) “У Любчы я хадзіў у беларускую школу, сямігодку скончыў беларускую”.

(Дзікавіцкі: ) “Дык гэта там вы навучыліся так добра гаварыць па-беларуску?”

(Сэнюх: ) “Ня ведаю, ці гэта добра – часам не хапае словаў. Але, хіба, усё ж добра ведаю беларускую мову, можа не заўсёды атрымліваецца паслугоўвацца ёю дастаткова элегантна”.

(Дзікавіцкі: ) "У часе вайны вы дзейнічалі ў беларускай арганізацыі?"

(Сэнюх: ) "Так, я, як і ўсе, належаў да Саюзу беларускай моладзі – гэта была такая справа, што ўсе вучні былі сябрамі гэтай арганізацыі. Я памятаю нават, як мы стаялі ў шарэнгах сьпявалі наш СБМаўскі гімн".

(Дзікавіцкі: ) "А можа памятаеце словы гэтага гімна?"

(Сэнюх: ) "Так, вось хачу вам працытаваць...

“Беларусь, хай слова гэта Будзіць новы дух між нас Нам дабро яе – во мэта І найвышшы наш наказ

Ні сьляза, а ні стагнаньне Ні пакора, а ні страх Толькі праца і змаганьне Гэта наш да мэты шлях

Беларусі сын ніколі Не зрачэцца сваіх праў Знойдзе дужасьці даволі Каб нявольнікам ня стаў

Дык ці ў шчасьця дзень пагодны Ці ў нядолі дзень ліхі, Хай нясецца кліч паходны “Беларусь перадусім!”

Потым я паехаў у Варшаву, стаў студэнтаў і пачаў пакрысе забываць беларускую мову. І вось у 1982 годзе я пазнаёміўся ўжо ня памятаю пры якой нагодзе з чалавекам з савецкай амбасады, я сказаў, што нарадзіўся ў Беларусі. А ён кажа, што набліжаецца гадавіна з дня нараджэньня Коласа і Купалы і запытаўся, ці я ведаю, хто гэта такія. Я кажу – ну, канечне, ведаю, я ж вучыў нават на памяць іх, зацытаваў яму “Прарока” Купалы...

Ён кажа, можа вы паспрабавалі б перакласьці гэтага “Прарока” на польскую мову, чаго раней я ніколі не рабіў. Я пагадзіўся і пераклаў. Потым пазнаёміўся з прафэсарам Аляксандрам Баршчэйўскім, які зьмясьціў мой пераклад у сваёй кнізе – гэта была мая першая публікацыя перакладу зь беларускай".

(Дзікавіцкі: ) "А раскажыце пра іншыя найбольш важныя для вас пераклады зь беларускай".

(Сэнюх: ) “Зьвярнуўся да мяне адзін вельмі добры прыяцель Янкі Брыля і запрапанаваў мне перакласьці кніжку апавяданьняў Брыля “Быстры Нёман”. Я пераклаў і нядрэнныя рэцэнзіі былі на гэты пераклад.

Так усё пайшло-паехала, вершы перакладаў для радыё і цяпер для беларускай службы радыё Палёнія вершы перакладаю. Цяпер перакладаю прыпавесьці Быкава, які вельмі перажываў за тое, што робіцца ў Беларусі пад уладай гэтага рэжыму, якога ён не ўхваляў. Я таксама яго не ўхваляю. У апошнім часе мне вельмі цяжка пагадзіцца з тым, што я належу да такіх людзей, якія хацелі шмат зрабіць добрага для Беларусі, беларускай культуры ў Польшчы, напрыклад, я ўваходжу ў камітэт пабудовы помніка Коласа і Купалы ў Варшаве..."

(Дзікавіцкі: ) "Якраз хацеў запытацца – як рухаюцца справы з гэтым помнікам?"

(Сэнюх: ) “Ну што ж, справа сама па сабе складаная, а ў гэтых абставінах, калі палякі ў Беларусі перажываюць цяжкія хвіліны і мне, як паляку, цяжка з гэтым пагадзіцца з тым, што там зь імі робяць. Я спадзяюся, што і беларусы супраць гэтага будуць пратэставаць. Я ведаю, як жывуць беларусы ў Польшчы – яны жывуць сваім жыцьцём, ніхто ім не перашкаджае, не забараняе пісаць, выдаваць прэсу па-беларуску, радыё ёсьць. Я не магу пагадзіцца са становішчам, у якое Лукашэнка загнаў маіх суродзічаў у Беларусі, таму я вырашыў на некаторы час адмовіцца ад гэтай дзейнасьці. Ня ведаю, ці гэта правільна, але я проста не змагу. Дый грамадзтва польскае ў гэтых абставінах не адобрыць нашай дзейнасьці? Што такое помнік Купалы і Коласу? Гэта нашае свабоднае рашэньне аддаць гонар гэтым паэтам, каб людзі прыходзілі аддаць даніну павагі ім, стварыць цэнтар беларускай культуры вакол гэтага помніка – такая была нашая ідэя.. А цяпер у гэты’х абставінах я проста не змагу гэтым займацца..."

(Дзікавіцкі: ) “У Польшчы не такая вялікая зацікаўленасьць беаларускай літаратурай, культурай. Ці апошнія падзеі вакол СПБ паўплываюць на тое, што гэтая зацікаўленасьць яшчэ больш зьменшыцца?"

(Сэнюх: ) “Гэта, напэўна, спрыяць пашырэньню гэтай цікаўнасьці ня будзе. Шмат хто з маіх суродзічаў чакае, што самі беларусы адмовяцца ад рэжыму, які там пануе, што абяруць дэмакратычны шлях, дзе будзе месца для сяброўства паміж Польшчай і Беларусьсю".

(Дзікавіцкі: ) "Калі вярнуцца да вашай перакладчыцкай дзейнасьці. Найбольш значны ваш пераклад, гэта “Новая зямля” Коласа. Як вам працавалася над гэтым перакладам?"

(Сэнюх: ) “Працавалася нялёгка. Я працаваў над перакладам 10 гадоў – гэта шмат. Ведаю, што беларускія перакладчыкі працавалі над “Панам Тадэвушам Міцкевіча” рабілі гэта хутчэй. У 1991 годзе Янка Брыль угаварыў мяне перакласьці “Новаю зямлю”, ужыўшы аргумэнту, што “Пана Тадэвуша” ужо столькі разоў пераклалі на беларускую мову, а сялянскага “Пана Тадэвуша” – “Новую зямлю” – ні разу. Я падумаў – і сапраўды гэта так. Тады пераклаў першую песьню і паслаў Брылю, ён сказаў, што пераклад добры, а спадар Янка ведае польскую мову, бо ён жа служыў калісьці ў польскім войску. Так і пайшло – у 2001 годзе скончыў пераклад, а праз год кніжка выйшла на трох мовах – па-беларуску, па-расейску і па-польску. Я вельмі ўдзячны за гэта. У Польшчы пакуль ніхто ня ўзяўся выдаць гэты пераклад і баюся, што ў сувязі з такімі падзеямі ў Беларусі, доўга яшчэ не дачакаемся мы польскага выданьня гэтага перакладу".

(Дзікавіцкі: ) "Вядома, што ваш пераклад "Новай зямлі" на польскую даўжэйшы ад расейскага перакладу, які, у сваю чаргу, значна карацейшы ад беларускага арыгіналу. Чаму так сталася?"

(Сэнюх: ) “Цяжка мне сказаць, чаму так здарылася. Крытыкі падкрэсьліваюць, што на расейскую мову гэтую паэму перакладалі ў сталінскія часы, калі была моцная цэнзура. Цэнзура рабіла ўсё, каб выкінуць з гэтай паэмы станоўчае стаўленьне Коласа да незалежнага беларускага селяніна, які думаў катэгорыямі ўласнай зямлі, не калгаснай, саўгаснай, а ўласнай. Селянін гэты жыў можа й не багата, але сыта.

Вазьміце апісаньне велікодных сталоў у беларускай хаце ў расейскім перакладзе выкінутае, яго папросту няма! Там толькі гаворыцца, што селянін дае дзецям па чарцы гарэлкі кажа, каб расьлі "вольнымі арламі"...”

(Дзікавіцкі: ) "Але ж наўрад ці ў заходняй Беларусі селянін даў бы ў міжваенны пэрыяд дзіцяці гарэлку!"

(Сэнюх: ) "Канечне, гэтага не было! Усё залежыць ад палітычных абставінаў, што панавалі ў СССР. Адказ просты: калі няма свабоды творчасьці, дык паўстае нешта такое, як расейскі пераклад “Новай зямлі”. Гэта скалечаны пераклад".

(Дзікавіцкі: ) "Вы казалі, што перакладаеце Быкава, а я ведаю, што вы вельмі гарачым прыхільнікам каб Васіль Уладзіміравіч атрымаў Нобэлеўскую ўзнагароду, але так не здарылася..."

(Сэнюх: ) “Я глыбока перакананы, што Быкаву належала даць Нобэлеўскую ўзнагароду. Гэта адзіны беларукі пісьменьнік, які быў на вельмі высокім узроўні – філёзафам, патрыётам, знаўцам чалавечай душы, перажыў вайну... Ён зьвяртаўся ня толькі да беларусаў, але да ўсёй Эўропы і сьвету з заклікам шанаваць чалавека, свабоду, чалавечае жыцьцё. Але гэта ў сёньняшнім сьвеце ня вельмі папулярныя лёзунгі цяпер. Не дастаткова папулярныя, каб атрымаць Нобэлеўскую ўзнагароду. На жаль, не атрымалася”.

(Дзікавіцкі: ) "Што да сучаснай беларускай літаратуры... Кажуць нярэдка, што сапраўды вартасныя творы, і ў літаратуры і ў музыцы і гэтак далей, паўстаюць менавіта ў цяжкіх умова – галечы, несвабоды. Што вы пра гэта думаеце?"

(Сэнюх: ) “Мая пазыцыя такая – не існуе свабода ўвогуле. Існуе, скажам, лес, зямля. Якія існуюць і без нас. А свабода, гэта паняцьце чалавечае – у ім жыве свабода як зьява, як спосаб жыцьця, і толькі чалавек здольны збудаваць свабоду ў сабе, у жыцьці грамадзтва. І калі ў самім чалавеку пачуцьця свабоды няма, ня будзе дзяржава свабоднай.

Вось прыклад – у 1981 годзе ваеннае становішча ў Польшчы. Усе чыноўнікі былі за і толькі два чалавекі – амбасадары Польшчы ў ЗША і Японіі і сказалі – не! Іх прыгаварылі да сьмерці, але яны дажылі да часоў, калі іх рэабілітавалі, рэабілітавалі жывымі, а не расстралянымі, як у СССР рабілі.

(Дзікавіцкі: ) “Вы наведваеце Беларусь ужо шмат гадоў – як мяняецца краіна на ваш погляд, погляд з боку, звонку?”

(Сэнюх: ) “Ну што ж, я перакананы, што апошнія 10 гадоў гэта для Беларусі страчаны час. Беларусь адышла назад ад шляху, цікавага шляху пачатку 1990-х, калі паўстаў БНФ, дзейнічаў выдатны патрыёт і палітык Зянон Пазьняк, побач быў Шушкевіч... Беларусь пачала будаваць добрасуседзкія дачыненьні з суседзямі як самастойная, незалежная дзяржава.

І каб не гэтыя няшчасныя выбары ў 1994 годзе і гэты чалавек, які пасягнуў на сьвятасьць – бела-чырвона-белы сьцяг і Пагоню! Але сталася, як сталася. Маю надзею, што народ усё ж абудзіцца. Вось я чытаў, што сход беларускай інтэлігенцыі прайшоў у лесе! Ня ў Менску, Гародні ці Берасьці, а ў лесе!”

(Дзікавіцкі: ) “І апошняе пытаньне, спадар Чэслаў, каго яшчэ зь беларускіх пісьменьнікаў вы хацелі б перакласьці, якія творы?”

(Сэнюх: ) “Шмат каго! Цяпер перакладаю вершы Барадуліна – больш за 100 ужо пераклаў, вершаваныя лісты ягоныя. Можа будзе выдадзены гэты пераклад. Ёсьць такая магчымасьць. Было б вельмі прыемна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG