Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольнае паветра Майдану даляцела да Менску


Севярын Квяткоўскі, Менск “Вольнае паветра Майдану”– так завецца фотавыстава, якая адкрылася ў Менску. Напярэдадні першых угодкаў Памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне, падобная акцыя ўпершыню ладзіцца ў Беларусі. 19 кастрычніка ў сядзібе партыі БНФ сабраліся ўкраінцы і беларусы, якія бралі ўдзел у леташніх падзеях на галоўным пляцы Кіеву – Майдане Незалежнасьці.

Змаганьне, каханьне, расчараваньне і вера: самыя розныя бакі чалавечага жыцьця і чалавечых перажываньняў адлюстроўваюць працы ўкраінскіх фатографаў, што складаюць выставу “Вольнае паветра Майдану”. Адзін з аўтараў і каардынатарка выставы адэсітка Кася Радчанка адкрыла імпрэзу наступнымі словамі:

(Радчанка: ) “Мэта гэтага праекту найперш паказаць, як усё адбывалася на Майдане. Гэты праект ужо быў рэпрэзэнтаваны ў некаторых краінах. Гэта падборка некаторых фатографаў з розных куткоў Украіны. Яна максымальна дэманструе розныя погляды. Погляды на тую сытуацыю, на тое жыцьцё, якім мы жылі”.

“Гэта гісторыя, якая ўжо адбылася, гэта жыцьцё, якое было, і ёсьць цяпер”, – дадала дзяўчына.

Ідэя выставы паўстала, калі Кася Радчанка пабачыла, якая колькасьць высокамастацкіх фотаздымкаў зьявілася за больш як месяцовае трываньне Памаранчавай рэвалюцыі ва ўкраінскай сталіцы.

Праз кіеўскі Майдан прайшлі дзясяткі маладых беларусаў, для якіх украінскія падзеі сталіся сапраўдным адкрыцьцём. 19 кастрычніка ў сядзібе партыі БНФ беларускія “вэтэраны” Майдану дзяліліся сваім досьведам з аднагодкамі.

Зь беларускага боку выставу “Вольнае паветра Майдану” ладзілі сябры “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў”.

Гаворыць сябра ЗБС Юля Янюк:

(Янюк: ) “Задумай было паказаць дух Майдану. Паказаць магчымасьць яднаньня за свабоду і незалежнасьць. Як яно выглядала там, ва Ўкраіне. Бо, натуральна, што ня кожны чалавек меў магчымасьць туды трапіць. Тым больш гэта важна пры сытуацыі ў нашай краіне. І можа быць натхніць людзей на нешта падобнае”.

У часе прэзэнтацыі быў паказаны дакумэнтальны фільм пра ўкраінскія падзеі канца 2004 году. Таксама сьпяваў малады выканаўца Зьміцер Казлоўскі.

Выстава “Вольнае паветра Майдану” будзе працаваць цягам бліжэйшых трох тыдняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG