Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дні культуры Славакіі ўпершыню праходзяць у Беларусі


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ўвечары ў менскім Палацы мастацтва адчынілася выстава славацкіх мастакоў, якія ўсе свае творы робяць з паперы. Аднак гэта не адзіная адметнасьць экспазыцыі, якая сталася першай ў цэлай сэрыі выставаў, заплянаваных у праграме дзён культуры Славакіі ў Беларусі. Галоўная адметнасьць у тым, што культура Славаччыны наогул упершыню так шырока прадстаўлена беларускаму гледачу. На прэзэнтацыі пабывала нашая карэспандэнтка.

Часовы Павераны ў справах Славакіі ў Беларусі Ёзаф Мачышак, выступаючы на адкрыцьці выставы, сказаў, што дзякуючы пашырэньню Эўразьвязу нашыя краіны сталі суседкамі, якія, аднак, пакуль што дрэнна ведаюць адна адну.

(Мачышак: ) “Насуперак геаграфічнай блізкасьці пасьля апошняга пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу мы сталі суседзямі. Усё яшчэ ня можам сказаць, што ведаем адзін аднога так, як бы мы маглі і хацелі. Зьмяніць гэтае становішча можна, і мы павінны спрабаваць гэта зрабіць. Самай зручнай формай для камунікацыі, якая спрыяе пазнаньню і збліжэньню нашых народаў, зьяўляецца менавіта галіна культуры”.

Падчас прэзэнтацыі выставы гучала беларуская народная музыка, і адна са славацкіх мастачак Міхаэла Кліманава-Трызульякава прызналася, што гэтыя мэлёдыі ёй вельмі нагадваюць некаторыя песьні яе радзімы. Што праўда, творы самое мастачкі вельмі адрозныя ад традыцыйнага беларускага мастацтва. “Лісты да нябёсаў” называюцца разьвешаныя на шнурках сшытыя аркушы паперы, на якіх спадарыня Міхаэла прапануе наведнікам напісаць ананімна свае самыя запаведныя жаданьні. Да беларусаў іх ужо пісалі славацкія наведнікі выставы, чэскія і амэрыканскія. На маё пытаньне, калі мастачка зьбіраецца паслаць адрасату “Лісты да нябёсаў”, яна адказала.

(Клеманава-Трызульякава: ) “Я буду гэты твор паказваць далей, бо калі іншыя людзі чытаюць гэтыя ананімныя жаданьні, то часам разумеюць, чаго ж яны самі хочуць. А гэта вельмі важна, каб чалавек умеў сфармуляваць сваё самае галоўнае жаданьне”.

Заўтра ў музэі сучаснага мастацтва адчыніцца выстава славацкай графікі, а пасьлязаўтра ў Нацыянальным мастацкім музэі – выстава славацкага жывапісу і скульптуры. Адбудзецца шмат іншых імпрэзаў. Усё гэта лідэр БНФ Вінцук Вячорка назваў сапраўдным культурным прарывам у дачыненьнях дзьвюх краінаў.

(Вячорка:) “Удвая гэта важна зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, таму, што Славаччына цяпер у Эўрапейскім Зьвязе, і мы мусім пераадольваць стэрэатыпы прапаганды, якія сьведчаць, што ў Эўразьвязе нівэлююцца культурныя асаблівасьці краінаў і народаў. Нічога падобнага.

Па-другое, мы атрымліваем таксама доказ таго, што Славаччына, якая належала да зьяднанай, фэдэрацыйнай дзяржавы, здабыўшы незалежнасьць зноў жа такі ня страціла сваёй культурнай самабытнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG