Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці зьменіцца палітыка Бэрліна датчына Беларусі?


Алена Струвэ, Менск Паводле нямецкіх экспэртаў ды журналістаў, замежная палітыка Бэрліна ў дачыненьні да Беларусі ня стане якасна іншай. Аднак зьмены ў нюансах той палітычнай лініі, якую будуць разам праводзіць міністар замежных справаў Вальтэр Штайнмаер ды канцлерка Ангела Мэркель, цалкам магчымыя.

Новага 49-гадовага міністра замежных справаў Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера ў палітычных кулюарах называюць не інакш як чалавекам Герхарда Шрэдэра. Калісьці, у часе прэм’ерства Шродэра ў Ніжняй Саксоніі, Штаймаер быў зь ім разам у адной камандзе, потым разам са Шрэдэрам пераехаў у Бэрлін і працаваў непасрэдна ў адміністрацыі Бундэсканцлера.

Журналісты называюць Штайнмаера, дарэчы, юрыста паводле адукацыі, выдатным бюракратам, арганізатарам, які бездакорна выконвае вялікі аб’ёмы працы, разьлічаны прынамсі на некалькі супрацоўнікаў. Пагаворваюць, што Штайнмаер мае цесныя сувязі зь нямецкімі спэцслужбамі. Аднак у любым выпадку, гэта надзейны для ўраду чалавек, пра якога нават праціўнікі не выказваліся дрэнна.

Мой суразмоўца ў Бэрліне – дыплямат і колішні кіраўнік нямецкай выведкі Ганс-Георг Вік, якога гэты званок напаткаў ў аўтамабілі, на рэпліку адносна сувязяў спадара Штайнмаера ніяк не прарэагаваў. Што да пытаньня адносна будучай лініі нямецкага МЗС у дачыненьні да Беларусі, дык амбасадар Вік адказаў наступным чынам:

(Вік: ) “Трэба зыходзіць з таго, што зьмены ў нюансах магчымыя. Нейкіх пэўных прагнозаў я пакуль рабіць ня буду, бо спачатку трэба дачакацца адпаведных заяваў з боку прадстаўнікоў ураду… Я маю на ўвазе такія моманты, як дачыненьні з ЗША, а таксама дачыненьні з краінамі-суседзямі ЭЗ.

Нягледзячы на тое, што сацыял-дэмакрат Штайнмаер – чалавек Шрэдэра, аднак ён усё ж будзе дзейнічаць ад імя кааліцыйнага ўраду, узгадняючы вонкавую палітыку з ХДС, з канцлерам Ангелай Мэркель. Абедзьве палітычныя сілы мусяць знайсьці агульную лінію ў дачыненьні да Расеі, суседзяў ЭЗ, у тым ліку да Беларусі. Менавіта тут магчымыя зьмены ў нюансах. Другі момант вонкавай палітыкі Бэрліна – гэта значны ўплыў на нямецкую палітыку з боку Брусэля. У любым выпадку падтрымка грамадзянскай супольнасьці Беларусі з боку ЭЗ (я пакуль не гатовы сказаць, які акцэнт будзе зроблены Бэрлінам) будзе значна больш адчувальнай, чым раней.”
XS
SM
MD
LG