Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Сідорскі заявіў, што ў Беларусі на палетках няма імпартных камбайнаў


Валер Каліноўскі, Менск Сустракаючыся 18 кастрычніка з дэлегацыяй ураду Украіны, беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі падрабязна апісаў сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў Беларусі, пахваліўся высокімі заробкамі і пэнсіямі, будучымі аграгарадкамі і “прэзыдэнцкімі” дамкамі ў кожнай вёсцы. Пры гэтым ён нечакана заявіў, што ў Беларусі на палетках зусім няма імпартнай тэхнікі, а працуе на іх выключна айчынная. Спэцыялісты мяркуюць, што прэм’ер-міністар тут перабольшыў.

Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі імкнуўся падаць сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў Беларусі ў найлепшым выглядзе. Ён зазначыў, што эканоміка Беларусі дынамічна разьвіваецца, рост прамысловасьці складае болей за 10 адсоткаў, сярэдні заробак да канца года дасягне 230–250 даляраў, пэнсіі – болей за 120 даляраў.

Асаблівы акцэнт спадар Сідорскі зрабіў на пераўтварэньнях у вёсцы, паведаміў пра 1400 аграгарадкоў, якія будуць пабудаваныя за 5 гадоў ды максымальна наблізяць жыцьцё вяскоўцаў да гарадзкіх умоваў.

(Сідорскі: ) “Мы сёньня кожны год у кожнай беларускай вёсцы, там дзе ёсьць вытворчасьць, уводзім па пяць дамоў бясплатна. Гэта праграма прэзыдэнта, якая дае нам магчымасьць прыцягваць маладых спэцыялістаў пасьля інстытуту”.

Вядомы беларускі спэцыяліст у сельскай гаспадарцы Аляксандар Ярашук кажа, што тут Сяргей Сідорскі перабольшыў – па 5 новых дамоў будуюцца не ў кожнай вёсцы, а ў цэнтрах калгасаў – і не бясплатна, а ў тым ліку за кошт гаспадарак, прытым выклікаюць нараканьні якасьць будаўнічых работ і пазьнейшае выкарыстаньне гэтых дамкоў.

(Ярашук: ) “Бясплатны сыр толькі ў мышалоўцы, і ў дадзеным выпадку гэта яскравае сьведчаньне недзяржаўнага падыходу да выкарыстаньня дзяржаўных сродкаў”.

Але куды большае зьдзіўленьне спадара Ярашука выклікала заява Сяргея Сідорскага пра адсутнасьць імпартнай тэхнікі на беларускіх палетках:

(Сідорскі: ) “Мы сёньня ганарымся тым, (і гатовыя гэта прадставіць і Ўкраіне), што ў нас ўся беларуская тэхніка, цалкам, у поўным аб’ёме на нашых палях: трактары, камбайны, кормаўборачныя камбайны, энэрганасычаныя сродкі, плугі і ўся астатняя тэхніка – гэта беларускай вытворчасьці”.

Аляксандар Ярашук з гэтай нагоды прыгадвае, як асабіста А.Лукашэнка быў вымушаны неадкладна рэагаваць на тое, што беларускія гаспадаркі купляюць замежныя камбайны.

(Ярашук: ) “Гэта зусім не адпавядае рэчаіснасьці. Навошта спадар Сідорскі такую заяву рабіў перад тварам тэлегледачоў? Па-першае, нямала імпартнай сельскагаспадарчай тэхнікі ў гаспадарках Размова ідзе перш за ўсё пра эфэктыўныя, эканамічна моцныя гаспадаркі, якія (я магу гэта адказна засьведчыць), аддаюць перавагу імпартнай тэхніцы.”

Высокаэфэктыўных імпартных камбайнаў і трактароў нямала на беларускіх палетках, яны пераўзыходзяць беларускія аналягі па надзейнасьці. Беларускія і расейскія камбайны проста няздольныя без страт сабраць збожжа з высокаўраджайных палеткаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG