Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"International Herald Tribune": страта мовы – гэта страта ідэнтычнасьці


Сяргей Шупа, Прага У сёньняшнім нумары газэты International Herald Tribune лінгвіст Сі Джэй Мур (C.J.Moore) выступае з артыкулам “Страта дару мовы”, прысьвечаным праблеме захаваньня моўнай разнастайнасьці сьвету. З яго зьместам вас пазнаёміць наш карэспандэнт.

20 верасьня летась сьвет абляцела навіна пра сьмерць Ян Хуаньі, жыхаркі кітайскай правінцыі Хунань, якой было ўжо за 90. Яна праславілася тым, прычым ня толькі сярод лінгвістаў, што была апошняй жанчынай, якая зь дзяцінства карысталася сыстэмай пісьма “нюшу”.

“Нюшу” – гэта ня мова, а нядаўна адкрытая пісьмовасьць, якой стагодзьдзямі карысталіся жанчыны ў гэтай глухой правінцыі, каб дзяліцца думкамі і пачуцьцямі са сваімі блізкімі сяброўкамі. Пісьмовасьць гэтая ўзьнікла з даўняй вуснай традыцыі жаночага апавядальнага і песеннага фальклёру.

На шчасьце, на тэму пісьма Нюшу было патрачана дастаткова навуковага чарніла, каб забясьпечыць захаваньне інфармацыі пра яго тысячу знакаў і пра іх гукавую суаднесенасьць зь мясцовым кітайскім дыялектам. “Край Нюшу” нават стаў прыцягваць турыстаў, асабліва калі пашырыліся чуткі, што Нюшу – гэта нейкі сакрэтны жаночы шыфр, незразумелы для мужчынаў.

Аднак выпадак зь Ян Хуаньі і пісьмом Нюшу – гэта нагода згадаць шырэйшую балючую праблему заняпаду і сьмерці моваў. Паводле глябальных дасьледаваньняў ЮНЭСКА, у сярэднім кожныя два тыдні ў сьвеце зьнікае адна мова.

Там, дзе мовы ня маюць сваёй пісьмовасьці – а гэта, напрыклад, 80 працэнтаў усіх моваў Афрыкі – выжываньне мовы або дыялекту літаральна залежыць ад жыцьця іх носьбітаў.

Барбара Граймз, рэдактар базы лінгвістычных дадзеных “Ethnologue”, паведамляла ў 2001 годзе, што тады каля 450 моваў сьвету былі на мяжы зьнікненьня, бо іх існаваньне напрасткі залежала ад стану здароўя некалькіх яшчэ жывых іх носьбітаў.

Ёсьць каля паўсотні моваў, на якіх гаворыць толькі па адным чалавеку. Паводле ацэнак ЮНЭСКА, больш за палову з 6 тысячаў задакумэнтаваных моваў сьвету трапляюць у катэгорыю “моваў пад пагрозай зьнікненьня”.

Прычыны такога лінгвістычнага заняпаду могуць быць розныя – ад стыхійных бедзтваў, якія прыносяць драматычныя страты насельніцтва, да сацыяльнай няўвагі або недаацэнкі вартасьці мовы або дыялекту. Тут важную ролю адыгрывае стаўленьне самых носьбітаў – часам яны проста баяцца гаварыць на сваёй мове, каб не выглядаць неадукаванымі.

Нават самыя добрыя намеры ў галіне адукацыі і барацьбы зь непісьменнасьцю могуць паспрыяць зьнікненьню моваў. Там, дзе дзеці адрываюцца ад свайго моўнага асяродзьдзя і едуць вучыцца ў вялікія гарады – як гэта здаралася ў вясковых супольнасьцях Шатляндыі і Валіі або з тубыльцамі ў Злучаных Штатах, Канадзе ці Расеі – яны з часам могуць пачаць успрымаць свае родныя мовы як “адсталыя” і непрэстыжныя.

Калі такія зьмены сацыяльнага ўспрыманьня адбываюцца ў сьвядомасьці бацькоў, дык перадача мовы ад бацькоў дзецям – гэты жыцьцёва важны фактар захаваньня моваў – можа спыніцца часова або назаўсёды.

Часта можна пачуць пытаньне: ці ж ня выйграе сусьветны працэс камунікацыі ад таго, што ўсе мы пачнем гаварыць толькі на некалькіх глябальных мовах?

Нават, калі немагчыма спыніць хаду глябалізацыі і паралельны ёй працэс уаднастаеньня моваў, мы ўсё адно будзем адчуваць істотную страту ад звужэньня моўнай разнастайнасьці.

Чаму так адбываецца? Адказ можна знайсьці ў справаздачы ЮНЭСКА, дзе гаворыцца, што мовы – гэта ня толькі “сродкі перадачы сыстэмы каштоўнасьцяў і культурнага самавыяўленьня”. Яны ўяўляюць сабою “вырашальны фактар ідэнтыфікацыі групаў людзей і паасобных індывідаў”.

Страта ідэнтычнасьці – гэта занадта дарагая і неапраўданая цана. Было даказана, што можна ўратаваць нават тыя мовы, якія стаяць на парозе зьнікненьня. Можна запісаць тэксты ад апошніх носьбітаў, скласьці слоўнікі і граматыкі, стварыць адукацыйныя ўмовы, каб новае пакаленьне магло адрадзіць амаль памерлую мову.

У Эўропе распрацаваныя дзейсныя стратэгіі для разьвіцьця моваў баскаў, каталёнцаў, брэтонцаў, карнуольцаў, шатляндцаў, ірляндцаў, рэтараманцаў.

Па-за Эўропай такія мовы, як гавайская, маоры, мовы лацінаамэрыканскіх індзейцаў атрымалі новы стымул для разьвіцьця, дзякуючы адпаведнай пазыцыі і падтрымцы ўладаў, пры тым, што асноўнымі мовамі там заставаліся ангельская і гішпанская.

Бяз мовы мы ня здолеем разумець самых сябе, і тым болей сьвет вакол нас. Таму мовы, якім пагражае зьнікненьне, заслугоўваюць ня меншай увагі і падтрымкі, чым жывёльныя і расьлінныя віды з Чырвонай Кнігі.

***

Дарэчы, у лінгвістычнай Чырвонай Кнізе ЮНЭСКА беларуская мова ўключаная ў катэгорыю “Мовы пад патэнцыйнай пагрозай зьнішчэньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG