Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне райвыканкамы арганізоўваюць уласныя відэастудыі


Казімер Яноўскі, Рагачоў У Гомельскай вобласьці пры ідэалягічных аддзелах райвыканкамаў сталі арганізоўваць відэастудыі. Першая такая студыя створана ў Рагачове.

Начальнік ідэалягічнага аддзелу Рагачоўскага райвыканкаму Аляксандар Кляцуноў распавёў, што тэленавіны выходзяць раз на тыдзень у нядзелю:

(Кляцуноў: ) “Гэта 20-хвілінныя перадачы раз на тыдзень — пра падзеі, якія адбываюцца ў горадзе і раёне”.

Паводле спадара Кляцунова, выканкам для сваёй студыі адмыслова набыў відэакамэру. Здымкамі сюжэтаў займаецца супрацоўнік ідэалягічнага аддзелу Валер Макаранка. Ён у свой час скончыў Львоўскую вайскова-палітычную вучэльню па спэцыяльнасьці “культасьветпраца”. Дзе і якую здабываць інфармацыю, у ідэалягічным аддзеле ведаюць.

(Кляцуноў: ) “У райвыканкаме ў панядзелкі праходзяць апаратныя нарады, якія праводзіць старшыня выканкаму, і там асноўныя падзеі культурнага жыцьця, спорту, іншых кірункаў агучваюцца”, — кажа спадар Кляцуноў.

У выканкаму пакуль няма свайго перадатчыка. Дзеля распаўсюду тэленавінаў на тэрыторыі Рагачоўскага раёну выкарыстоўваюцца магчымасьці прыватнага тэлеканалу “Нюанс” са Жлобіна. Тут вядзецца таксама агучваньне і мантаж відэаматэрыялаў. Гаворыць дырэктар тэлеканалу Генадзь Берасьнеў:

(Берасьнеў: ) “Мы з выканкамам заключылі дамову, і яны на нашым тэлеканале выпускаюць свае навіны. Пад нашым, так бы мовіць, сьцягам, таму што “Нюанс” як сродак масавай інфармацыі ў нашых руках”.

У Рагачове сьцьвярджаюць, што мясцовыя тэленавіны прымаюць на свае антэны каля траціны вяскоўцаў і прыкладна палова жыхароў райцэнтру, якія маюць у сябе ў кватэрах кабэльнае тэлебачаньне.

Вядомы ў рэгіёне палітык Віктар Карняенка са зьдзіўленьнем ставіцца да пашырэньня выканаўчымі структурамі ўласных мэдыяў:

(Карняенка: ) “Я лічу, што ўлада павінна карыстацца наяўнымі сродкамі масавай інфармацыі, каб апавядаць пра свае рашэньні, сваю пазыцыю. Калі ж улада сама займаецца выдавецкай дзейнасьцю ці стварае сродкі масавай інфармацыі, то, хутчэй за ўсё, гэта прапаганда, а ніякая не інфармацыя. І я са зьдзіўленьнем стаўлюся да таго факту, што ў Рагачове ўлады сталі выкарыстоўваць магчымасьці тэлевізіі, каб асабіста распавесьці пра свае справы. Карыстацца трэба наяўнымі мэдыямі, і лепей, каб гэта былі незалежныя сродкі масавай інфармацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG