Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка заклікаў падвысіць рост ВУП на 10%


Юлія Шарова, Менск Сёлета валавы ўнутраны прадукт у Беларусі павінен узрасьці на 10% — такую заяву зрабіў сёньня Аляксандар Лукашэнка на паседжаньні ўраду, дзе абмяркоўвалі праект сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на 2006 год. Урадоўцы лічаць пастаўленую Лукашэнкам задачу складанай.

Згодна з прагнозамі Мінэканомікі, валавы ўнутраны прадукт сёлета павінен павялічыцца на 8,5% (плян 8,5—10%). Летась рост ВУП быў 11%, а на наступны год плянуецца, што асноўны макраэканамічны паказьнік узрасьце на 7—8%. Аднак Аляксандар Лукашэнка лічыць, што ўрад заніжае паказьнікі.

(Лукашэнка: ) “Мне патрэбныя тыя парамэтры, якія прымусяць усіх нас, і мяне ў тым ліку, я да гэтага падрыхтаваны, працаваць самым напружаным чынам. Працаваць дзень і ноч, каб найперш у першым-другім годзе пяцігодкі стварыць наймагутнейшы падмурак. Тады наступныя тры гады будзе прасьцей працаваць. Вось вам адказ на пытаньне, якія павінны быць паказьнікі: супэрнапружаныя”.

Урад такія задачы непакояць. Паводле намесьніка міністра эканомікі Андрэя Тура, сёлета вельмі няпростая сытуацыя складваецца ў сельскай гаспадарцы: заплянаваных паказьнікаў дасягнуць не атрымаецца, бо кліматычныя ўмовы не дазваляюць. Адпаведна, няўдачы ў гэтай галіне паўплываюць на агульную эканамічную карціну. Таму праблематычна выканаць задачу, пастаўленую кіраўніком краіны, лічыць спадар Тур.

(Тур: ) “Гэта вельмі складаная сытуацыя, пры ўсіх роўных умовах. З улікам таго, што сельская гаспадарка ня выйдзе на прагнозныя паказьнікі, гэта архіскладаная задача”.

Эканаміст Леанід Заіка, наадварот, сьцьвярджае, што ніякіх эканамічных цудаў зьдзяйсьняць ураду не давядзецца: дастаткова папрацаваць над лічбамі.

(Заіка: ) “Рэч у тым, што наступны год — гэта год прэзыдэнцкіх выбараў і, натуральна, Аляксандар Рыгоравіч павінен максымальна выціснуць тое, што можна ва ўмовах гэтулькі добрай нафтавай каньюнктуры ды росту рынку Расеі і суседніх краінаў”.

На думку эканаміста, ураду будзе ня надта складана давесьці эканамічныя паказьнікі да тых, пра якія гаворыць кіраўнік краіны. Чыноўнікі здолеюць выкарыстаць адміністрацыйны рэсурс і націснуць на канцэрны і прадпрыемствы. Напрыклад, можна ўказваць на рост прыбыткаў насельніцтва, які апярэджвае рост вытворчасьці, каб прымусіць прадпрыемствы болей насычаць рынак таварамі.

***

У сваім выступе А.Лукашэнка, апрача іншага, заявіў, што “калі ў наступным годзе нармальна пройдуць выбары”, то яму давядзецца фармаваць новы кіруючы склад краіны. “Тады я буду глядзець у першую чаргу не на запэўніваньні, а на тое, як вы практычна працавалі ў папярэднюю пяцігодку. Мяне зьдзіўляе, чаму ўрад, адміністрацыя прэзыдэнта, губэрнатары імкнуцца ўзяць плянку ніжэй? Навошта мне тыя спартоўцы, якія будуць скакаць не праз плянку, а пад ёй?”

***

Сёньня ж Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб павялічэньні з 1 верасьня на 20% ўсіх відаў дзяржаўных стыпэндыяў для навучэнцаў і студэнтаў. Паводле міністэрства адукацыі, апошні раз стыпэндыі падвышаліся летась. Іх памер у залежнасьці ад посьпехаў навучэнцаў, спэцыяльнасьці і статусу ВНУ складае ад 60 да 100 тысячаў рублёў.
XS
SM
MD
LG