Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пачаўся суд над былым дыктатарам Садамам Хусэйнам


Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў Багдадзе пачаўся суд над былым дыктатарам Садамам Хусэйнам. Разам зь ім перад судом паўсталі яшчэ 7 высокапастаўленых дзеячоў былога рэжыму. Працэс адбываецца ў адным з былых прэзыдэнцкіх палацаў Хусэйна.

Былы кіраўнік дзяржавы з самага пачатку працэсу заявіў, што ня прызнае паўнамоцтваў суду.

(Хусэйн: ) "Найперш я хачу ведаць, хто вы такія. Хто б ні пастукаў у дзьверы, ён спачатку павінен прадставіцца. Я не зьбіраюся адказваць так званаму суду, пры ўсёй маёй павазе да кожнага з вас асобна. Я захоўваю свой законы статус прэзыдэнта Іраку. Я не прызнаю тых, хто прызначыў вас сюды, тое, што заснавана на ілжы, ілжыва".

Былы дыктатар абвінавачваецца ў злачынствах супраць чалавечнасьці і можа быць прыгавораны да сьмяротнага пакараньня, калі будзе прызнаны вінаватым. Усе 19 абвінавачваньняў, якія прад’яўленыя яму, тычацца забойства ў 1982 годзе 143 мужчынаў і хлопчыкаў у шыіцкай вёсцы Дуджайл. Тады з гэтай вёскі быў абстраляны картэж Хусэйна. У адказ спэцслужбы зрабілі ў вёсцы сапраўдную разьню.

Пракурор на працэсе ў прыватнасьці заявіў:

(Пракурор: ) "Пасьля тых жахлівых падзеяў кіраўнік службы бясьпекі быў настолькі задаволены іх вынікамі, што накіраваў абвінавачанаму Садаму ліст з просьбай падвысіць у званьнях супрацоўнікаў службы бясьпекі датычных да гэтых злачынных дзеяньняў у Дуджайлы. Ліст быў накіраваны Садаму Хусэйну 21 ліпеня 1982 году. Абвінавачаны Хусэйн напісаў словы : “Я згодны” на баку ліста".

На працэсе над Хусэйнам прынятыя надзвычайныя меры бясьпекі, у залю дазволілі прайсьці толькі нямногім журналістам, але і ім забаронена карыстацца дыктафонамі і любым іншым абсталяваньнем. Відэазапіс працэсу перадаецца па тэлебачаньні з паўгадзіннай затрымкай.

Абвінавачваньне лічыць, што сабрала вельмі абгрунтаваныя доказы супраць Хусэйна, і мяркуе, што працэс працягнецца толькі некалькі тыдняў. Але і абарона лічыць, што яе пазыцыі дастаткова моцныя. Гаворыць Зейяд Хасавна, прадстаўнік ірацкага саюзу адвакатаў.

(Хасавна: ) "Я чакаю, што сёньня будуць заслуханыя абвінавачваньні, а потым пасяджэньне будзе адкладзенае, паколькі вядома, што не было дастатковага ўзаемадзеяньня паміж абаронай і судом. Суд перадаў адвакату Хусэйна спадару Дулеймі матэрыялы справы за вельмі кароткі час да пачатку працэсу".

Адвакаты спадзяюцца, што працэс будзе адкладзены на 3 месяцы. Абаронцы таксама ставяць пад сумнеў паўнамоцтвы суду, цьвердзячы, што разьбіральніцтва адбываецца паводле законаў, накінутых Іраку амэрыканскімі акупантамі.

Хусэйну і ягоным паплечнікам прад’яўленае абвінавачваньне ня толькі ў забойстве 143 чалавек у Дуджайлы, але і ў увязьненьні тысячы пяцісот чалавек, якія доўгія гады ўтрымліваліся ў перапоўненых камэрах без вакон. З тых вязьняў выжылі нямногія. Адна зь іх – Зэйнаб Аднан.

(Аднан: ) "Я нарадзілася ў турме. Мая маці сказала мне, што мы былі апраўданыя, але потым ізноў кінутыя за краты. Калі я была ў турме, я бачыла вакол толькі пустыню. Там не было абсалютна нічога. Я ня ведаю, ці жылі там нейкія жывёлы. Я ня ведаю, ці было там нейкае жыцьцё".

Абвінаваўцы гавораць, што маюць дастаткова матэрыялаў, каб судзіць Хусэйна паводле яшчэ прынамсі 11 эпізодаў ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці – сярод іх атручваньне курдаў газамі напрыканцы 80-х гадоў і падаўленьне паўстаньня шыітаў пасьля вайны ў Затоцы ў 1991 годзе. Але фактычна прад’яўленае толькі адно абвінавачваньне, найбольш абгрунтаванае дакумэнтальна і паказаньнямі сьведкаў.
XS
SM
MD
LG