Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як цяпер выжывае незалежная штодзённая газэта “Народная Воля”?


Ганна Соусь, Менск Што робіць выданьне, калі немагчыма друкавацца ў Беларусі і распаўсюджвацца праз газэтныя шапікі? На што патраціць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч 100 мільёнаў рублёў, атрыманых ад незалежнай газэты? Як адказаў міністар інфармацыі Вользе Абрамавай на яе дэпутацкі запыт наконт лёсу “Народнай Волі”?

У рэдакцыі “Народнай Волі” штодня раніца пачынаецца са штампоўкі нумароў газэты пячаткамі з надпісам “Для рэклямных мэтаў”.

(Сакратарка: ) “Стаўлю штампікі на бясплатнае распаўсюджаньне газэты”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі штодня даводзіцца такіх штампікаў ставіць?”

(Сакратарка: ) “Амаль 12 тысяч асобнікаў праходзіць праз нашы рукі”.

Пасьля таго, як у аднабаковым парадку з “Народнай Воляй” скасавалі дамовы друкарня “Чырвоная Зорка” і ўсе падразьдзяленьні “Белсаюздруку”, газэта з кастрычніку друкуецца ў Смаленску і трапляе да чытачоў толькі праз падпіску.

Амаль 12 тысяч асобнікаў “Народнай Волі” дапамагаюць распаўсюджваць палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі, прадпрымальнікі і простыя грамадзяне. Многія людзі проста штодня прыходзяць у рэдакцыю па газэты.

(Спадар: ) “Я прыйшоў сюды таму, што душаць нас тыя людзі, якія ня любяць свабоды. Я прыйшоў па свабоду, каб пачытаць “Народную Волю”. Там усё праўда напісана”.

(Спадар: ) “Я проста сябар газэты. Я не зьяўляюся сябрам палітычнай партыі, проста ў нас ёсьць група людзей у Пінску, мы распаўсюджваем газэту ў горадзе бясплатна па прадпрыемствах і сярод студэнтаў, прадпрымальнікаў, ці проста ў горадзе па скрынях раскідваем”.

(Спадар: ) “Нідзе не прадаецца ў шапіках, я прызвычаіўся да яе. Нас пазбавілі такой магчымасьці. Ва ўсіх шапіках разводзяць рукамі. Для нас гэта вельмі дрэнна”.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава атрымала пісьмовы адказ міністра інфармацыі Беларусі Ўладзімера Русакевіча на свой запыт, у якім прасіла патлумачыць, на якой падставе “Народная Воля” ня можа друкавацца ў Беларусі і распаўсюджвацца праз газэтныя шапікі.

(Абрамава: ) “Ён адказвае, што ў дадзенай сытуацыі ўсе пытаньні вырашаюць суб’екты гаспадараньня, што гэта знаходзіцца ня ў сфэры яго кампэтэнцыі”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці задаволеныя вы такім адказам?”

(Абрамава: ) “Канечне, не. Я гаварыла з прадстаўніком “Народнай Волі”. Яны атрымалі такі ж самы адказ міністра. І як мяне паінфармавалі, яны зьвяртаюцца ў суд”.

Рэдакцыя “Народнай Волі “ зьвярнулася ў Вышэйшы гаспадарчы суд з пазовамі да прадпрыемстваў “Белсаюздрук”, “Менаблсаюздрук”, “Менгарсаюздрук” і друкарні “Чырвоная зорка”, рашэньні якіх аб скасаваньні дамоваў у рэдакцыі лічаць незаконнымі. Як паведамілі Радыё Свабода ў рэдакцыі “Народнай Волі”, на 1 лістапада прызначаная перадсудовая размова ў гэтай справе ў Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Сёньня ж я пацікавілася ў лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Гайдукевіча, ці атрымаў ён 100 мільёнаў рублёў, якія яму выплаціла “Народная Воля”, і што ён зьбіраецца рабіць з гэтымі грашыма.

(Гайдукевіч: ) “На сёньняшні дзень перадаў у падатковую інспэкцыю 27 мільёнаў. Кожная капейка будзе выдаткоўвацца адкрыта. Паверце, што ніводнай капейкі асабіста я не вазьму”.

(Карэспандэнтка: ) “І на што пойдуць грошы?”

(Гайдукевіч: ) “Прапановаў поўна. Тут і дзіцячыя садкі, і гэты самы… Тут шмат ахвотных ужо прыйшлі. Прыйшлі нават лісты ад выбаршчыкаў — каму дзьверы, каму яшчэ што… Жах, што адбываецца”.

Суд Ленінскага раёну Менску прызначыў “Народнай Волі” выплаціць 100 мільёнаў рублёў Сяргею Гайдукевічу кампэнсацыі за абразу ягонага гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі ў сувязі з публікацыяй у газэце артыкулу пра эканамічнае супрацоўніцтва ЛДП з рэжымам Садама Хусэйна і запазычанасьці лідэра партыі міністэрству нафты Іраку.
XS
SM
MD
LG