Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Вячорка: “БНФ прыйшоў да сваёй чарговай гадавіны з важнай перамогай”


Алесь Дашчынскі, Менск 19 кастрычніка, 17 гадоў таму, на паседжаньні ў былым Доме кіно (цяпер гэта менскі Чырвоны касьцёл) быў створаны аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту за перабудову “Адраджэньне”. Цяпер гэтую гістарычную дату лічаць сваёй дзьве партыі: Партыя БНФ і Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. З чым яны прыйшлі да чарговай гадавіны?

Старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што Беларускі Народны Фронт прыйшоў да сваёй чарговай гадавіны з важнай перамогай. Кангрэс дэмсілаў аб’яднаў прыхільнікаў дэмакратыі і абаронцаў незалежнасьці і вылучыў адзіным кандыдатам Аляксандра Мілінкевіча, якога папярэдне падтрымала Партыя БНФ. Паводле спадара Вячоркі, такі вынік кангрэсу засьведчыў слушнасьць партыйнай лініі і арганізацыйны патэнцыял.

(Вячорка: ) “Сёньня палітычная рэальнасьць зусім іншая, чым тая, якая была напрыканцы 1980-х, хаця нечым яна падобная. Як тады была, так і цяпер ёсьць вялікая верагоднасьць таго, што мы і нашы прыхільнікі будзем дзейнічаць увогуле па-за рэгістрацыяй, але мы гэтага не баімся, таму што БНФ гэта ёсьць неад’емнай рэальнасьцю беларускай палітыкі. Без БНФ у прынцыпе немагчымы ніводзін сур’ёзны палітычны праект, скіраваны на абарону свабоды і дэмакратыі. Нават у варунках уціску і перасьледу фронт ёсьць рэальнай сілай, зь якой мусяць лічыцца ўлады”.

БНФ мае свае структуры ў бальшыні адміністрацыйных адзінак краіны і сваё прадстаўніцтва ў мясцовых саветах. Паводле кіраўніка Берасьцейскай абласной арганізацыі Юрася Губарэвіча, БНФ цяпер перажывае адраджэньне.

(Губарэвіч: ) “Цяпер мы стаім на парозе значнай палітычнай кампаніі. Гэта ўся кампанія адзінага кандыдата. І тая стаўка на Аляксандра Мілінкевіча, якую мы зрабілі, аказалася слушнай, і ў арганізацыі назіраецца пэўны ўздым. Людзі гатовыя цяпер да працы і гэтая праца ўжо распачынаецца. Як бы там ні было, БНФ цяпер — найбольш вядомая палітычная сіла ў Беларусі і ў нашым рэгіёне. І нават калі сябры іншых партыяў спрабуюць нешта рабіць, паказваюць сваю актыўнасьць, іх называюць бэнээфаўцамі”.

КХП БНФ, якая ўзьнікла ў 1999 годзе ў выніку сыходу часткі сяброў з партыі БНФ, таксама рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў і мае вылучыць на іх свайго кандыдата — лідэра партыі Зянона Пазьняка. Паводле актывіста КХП БНФ Валеры Буйвала, яго партыя будзе арганізоўваць грамадзтва на правядзеньне дэмакратычных выбараў. Як ацэньвае цяперашнюю сытуацыю ў БНФ Валеры Буйвал?

(Буйвал: ) “Барацьбу працягваем. Надзею і ўпэўненасьць у нашым нармальным нацыянальным і дзяржаўным жыцьці не губляем. БНФ, у адрозьненьне ад многіх фантомных арганізацыяў, застаецца дзейснай палітычнай сілай. І дзейнічае адпаведна са сваімі першапачатковымі мэтамі. Гэта абарона беларускай культуры і мовы, нашай дзяржаўнай незалежнасьці і вяртаньня нашай дзяржавы, нашага народу ў сям’ю эўрапейскіх цывілізаваных народаў. Гэта барацьба супраць Расейскай імпэрыі, якая зноў імкнецца паняволіць наш народ”.
XS
SM
MD
LG