Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве ўсталявалі помнік Янку Купалу


Галіна Абакунчык, Менск На Кутузаўскім праспэкце Масквы ўлады расейскай сталіцы ўсталявалі помнік народнаму паэту Беларусі Янку Купалу. Афіцыйнае адкрыцьцё плянуецца ў красавіку, за некалькі месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Маскоўскія ўлады адмовілі аўтарам у просьбе зьмясьціць на помніку надпіс у выглядзе вершаванай цытаты Янкі Купалы.

Помнік Янку Купалу ўсталяваны ў адным зь людных месцаў Масквы: ля Кутузаўскага праспэкту, побач з двума шматпавярховікамі й школай. Аднак належнага добраўпарадкаваньня тут яшчэ ня зроблена, бо адкрыцьцё помніку перанесена на вясну, кажа сакратар беларускай амбасады ў Маскве Алена Шакура.

(Шакура: ) “Так, помнік сам стаіць, тэхнічна яго сабралі й паставілі. Але, тым ня менш, пакуль ніякага добраўпарадкаваньня далей не праводзіцца. Гэтыя працы будуць праводзіцца вясной перад адкрыцьцём, і яно прымеркаванае да імпрэзаў, зьвязаных з 10-годзьдзем стварэньня саюзнай дзяржавы — гэта красавік”.

Помнік Янку Купалу ўяўляе сабой чатырохмэтровую бронзавую фігуру паэта. Яна абапіраецца на плецены плот, а побач расьце куст папараці. Паводле першапачатковай задумы аўтараў, у скульптурную кампазыцыю таксама мусіў уваходзіць вялікі валун як сымбаль магутнасьці й значнасьці асобы самога Купалы. Аднак маскоўскія ўлады прымусілі скульптараў Льва і Сяргея Гумілеўскіх перарабіць праект. Не дазволілі таксама пакінуць і надпіс у выглядзе вершаванага радка, кажа Сяргей Гумілеўскі.

(Гумілеўскі: ) “Мы прапанавалі зрабіць надпіс “Мне сьняцца сны аб Беларусі”. Нам здавалася, што гэта падкрэсьлівае паэта, ягоную беларускасьць. Наша мастацкая рада гэта падтрымала. Мы адлілі гэты надпіс у бронзе й адвезьлі ў Маскву, але там гэтую ідэю не падтрымалі. Сам надпіс ім спадабаўся, але параілі гэтых словаў не пісаць. Таму будзе проста факсымільны надпіс “Янка Купала”.

Кіраўнік міжнароднага фонду імя Янкі Купалы, навуковец Вячаслаў Рагойша таксама лічыць, што словы паэта “Мне сьняцца сны аб Беларусі” былі б найлепшым надпісам да помніку беларускаму песьняру. Вось як гэта тлумачыць спадар Рагойша:

(Рагойша: ) “Ён жа загінуў у Маскве, і ён сьніў апошнія сны аб Беларусі ў Маскве, і мне здаецца, што “Мне сьняцца сны аб Беларусі” — найлепш было б. Чаму ня так? Ну, відаць, таму, што, можа, стаіць у Маскве, а яму сны сьняцца аб Беларусі — ну дык няхай і ідзе туды, дзе сьняцца. Каб пра Маскву, ёсьць такі верш “Масква” — от, відаць, было б лепш”.

Як паведамілі прадстаўнікі беларускай суполкі ў Маскве, іхныя прапановы ў справе надпіса да помніку таксама прынятыя не былі. Аднак існуе дамоўленасьць з дырэктарам бліжэйшай школы, што разам з адкрыцьцём манумэнту ў памяшканьні школы зьявіцца мэмарыяльны пакой Янкі Купалы.

Помнік Янку Купалу ў Маскве плянавалі ўсталяваць яшчэ да 120-годзьдзя паэта ў 2002 годзе. З розных прычынаў дата адкрыцьця пераносілася некалькі разоў. Апошнім тэрмінам афіцыйныя крыніцы называлі кастрычнік 2005 году. Аднак цяпер гаворка вядзецца пра красавік: улады хочуць прымеркаваць адкрыцьцё помніку да 10-годзьдзя расейска-беларускай саюзнай дамовы.
XS
SM
MD
LG