Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На першым паседжаньні польскага Сэйму гучала тэма Беларусі (абноўлены)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве адбылося першае паседжаньне новаабранага польскага парлямэнту. Зьвяртаючыся да дэпутатаў прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі, сярод іншага, выказаў надзею на дэмакратызацыю Беларусі, а прадстаўнікі найвялікшай парлямэнцкай фракцыі запэўнілі, што беларускае пытаньне будзе адным прыярытэтных пытаньняў у іхнай працы што тычыцца замежнай палітыкі.

У часе ўрачыстага адкрыцьця першага паседжаньня новаабранага Сэйму, дэпутаты прасьпявалі гімн Польшчы а потым далі ўрачыстую клятву аддана служыць краіне і народу, старанна выконваючы абавязкі абраньніка народу.

Крыху раней да дэпутатаў Сэйму зьвярнуўся прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі, які заявіў, што мінулыя выбары сьведчаць аб тым, што дэмакратыя ў Польшчы дзейнічае, і народ можа свабодна абіраць сваіх прадстаўнікоў у парлямэнт. Квасьнеўскі закрануў таксама пытаньні, зьвязаныя з сытуацыяй у суседніх краінах.

(Квасьнеўскі: ) “Мы верым, што дэмакратыя і пашана для правоў чалавека вызначаць будучыню Беларусі”, – заявіў полські прэзыдэнт.

Затым выступіў прэм’ер-міністар Польшчы Марэк Бэлька, які афіцыйна заявіў аб адстаўцы свайго кабінэту, склад новага ўраду, аднак, будзе вядомы толькі пасьля завяршэньня прэзыдэнцкіх выбараў.

Між тым Марыюш Каміньскі – дэпутат ад самай вялікай парлямэнцкай фракцыі, якую ў гэтым Сэйме ўтварыла партыя-пераможца выбараў “Закон і справядлівасьць”, заявіў нашаму радыё, што беларускія дэмакратычныя сілы могуць быць упэўненыя, што новы Сэйм, у якім дамінуюць правыя, будзе больш актыўна займацца беларускім справамі.

(Каміньскі: ) “Мы надаем вялікую ўвагу супрацоўніцтву зь Беларусьсю, тут я, канечне, маю на ўвазе апазыцыйныя партыі, грамадзкія арганізацыі і польскую меншасьць. Гэта будзе адзін з найбольш істотных прыярытэтаў нашай усходняй палітыкі. Дэмакратызацыя Беларусі патрэбная і беларусам і нам, бо Беларусь – наш сусед. Я ўпэўнены, што такая дэмакратызацыя магчымая, і беларусы напэўна могуць разьлічваць на нашу салідарнасьць і дапамогу”.

У польскім Сэйме – 460 дэпутатаў, большасьць зь якіх у гэтым скліканьні гэта прадстаўнікі правацэнтрысцкіх партыяў “Закон і справядлівасьць” і “Грамадзянская плятформа”.

Ёсьць у гэтым Сэйме і беларус зь Беласточчыны – дэпутат ад Саюзу левых дэмакратаў Яўген Чыквін.

***

Сёньня ў другой палове дня прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўкі прыняў адстаўку ўраду пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Марэка Бэлькі і даручыў місію фармаваньня новага кабінэту міністраў Казімежу Марцінкевічу, якога на пасаду прэм’ера вылучыла партыя “Закон і справядлівасьць” – пераможца сёлетніх парлямэнцкіх выбараў.

Спадар Марцінкевіч мае два тыдні, каб прадставіць склад кабінэту на зацьверджаньне Сэйму.
XS
SM
MD
LG