Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Екель: “Здрада не камэнтуецца”


Ігар Карней, Менск Адхілены рашэньнем ХІ зьезду Саюзу журналістаў ад пасады старшыні гэтай праўладнай арганізацыі Леанід Екель абвінавачвае ў здрадзе калегаў, якія яго не абаранілі. Тым часам, сёньня ў офісе Саюзу журналістаў у Менску на вуліцы Румянцава і ў Доме журналістаў на Сурганава ўжо гаспадарылі наноў абраныя кіраўнікі афіцыйнага саюзу — рэдактар урадавай газэты “Рэспубліка” Анатоль Лемяшонак і ягоны першы намесьнік, кіраўнік менскай абласной журналісцкай арганізацыі Рыгор Сакалоўскі.

Спробы засьпець за перадачай справаў Леаніда Екеля, замененага пасьля 17-гадовай працы на пасадзе старшыні Беларускага саюзу журналістаў, плёну ня мелі. Ужо з раніцы ў Доме журналістаў гаспадарылі новыя асобы. Як апавялі ў будынку, дзе падчас ХІ зьезду праўладнай журналісцкай арганізацыі новым кіраўніком быў абраны рэдактар газэты “Рэспубліка” Анатоль Лемяшонак, у кабінэце Екеля абжываецца новы гаспадар.

(Супрацоўніца Дому журналістаў: ) “Екеля, мабыць, трэба ўжо дома шукаць. А новы старшыня Лемяшонак якраз у гэты момант размаўляе з Рыгорам Сакалоўскім, сваім першым намесьнікам”.

Да хатняга тэлефону падышоў сам Леанід Екель. Аднак паўнавартаснага дыялёгу не атрымалася: адчувалася, што спадар Екель моцна раздражнёны і не здымае пытаньняў наконт аб’ектыўнасьці ўчорашняга галасаваньня.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Екель, можаце расказаць нам пра свае пляны?”

(Екель: ) “Нічога гаварыць ня буду. Ніякіх камэнтароў. Бо здрадніцтва не камэнтуецца. А крыўды ні на каго ня маю. Няма крыўды. Гэта заканамерны працэс. Але здрадніцтва, яшчэ раз кажу, не камэнтуецца. Прабачце…”

Хто канкрэтна здрадзіў спадару Екелю, даведацца так і не ўдалося. Аднак яшчэ ўчора ў кулюарах зьезду гучэлі думкі, што лёс Екеля вырашаны найвышэйшым кіраўніцтвам краіны. Адметна, што назіраць за працэдурай галасаваньня па новай кандыдатуры старшыні Саюзу журналістаў прыехалі вышэйшыя кіраўнікі Міністэрства інфармацыі, прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта і Міністэрства юстыцыі.

Новаабранае кіраўніцтва Беларускага саюзу журналістаў сёньня ад камэнтароў ухілялася. Аднак, як удалося высьветліць, Анатоль Лемяшонак мае намер сумяшчаць пасады рэдактара ўрадавай газэты і кіраўніка саюзу (як было і за савецкім часам). Дзьве пасады будзе займаць і намесьнік Лемяшонка, былы рэдактар вайсковай газэты “Во славу Родины” Рыгор Сакалоўскі.

Пакуль невядома, якім чынам зьбіраецца будаваць афіцыйны БСЖ кантакты зь Беларускай асацыяцый журналістаў. Аднак, як мяркуе юрыст БАЖ Андрэй Бастунец, з улікам вядомай у журналісцкіх колах праўладнай пазыцыі новых кіраўнікоў Саюзу журналістаў спадзявацца на “замірэньне” наўрад ці можна.

(Бастунец: ) “Амаль перакананы: калі нейкія зьмены ў кірунку дзейнасьці Саюзу журналістаў і адбудуцца, то, хутчэй, яго кіраўніцтва яшчэ больш будзе дыстанцыявацца ад БАЖ, чым казаць пра нейкія спробы кантакту”.

Леанід Екель, пазбавіўшыся пасады кіраўніка БСЖ, стаў беспрацоўным. Кажуць, што яму прапанавалі пасаду ў парлямэнцкай “Народнай газеце”, аднак камэнтаваць гэта адмовіўся як сам Екель, так і кіраўніцтва выданьня. Нагадаем, што ў сярэдзіне 1980-х Екель узначальваў газэту “Знамя юности”, калі наклад камсамольскага выданьня дасягаў максымуму — 820 тысяч асобнікаў з улікам прымусовай падпіскі.

Сярод прэтэнзіяў да Леаніда Екеля, які больш за паўтара дзясятка гадоў кіраваў афіцыйным Саюзам журналістаў, стаіць “нямэтавае выкарыстаньне сяброўскіх унёскаў”. Высновы зробленыя паводле вынікаў праверкі Камітэту дзяржкантролю. Екель ня згодны: сумы адлічэньняў настолькі мізэрныя, што гаварыць пра злоўжываньні зь імі папросту не выпадае. Існаваньне ж саюзу, паводле Екеля, забясьпечвае арэндная плата ад банкаў і фірмаў, якія месьцяцца на плошчах Дому журналістаў.
XS
SM
MD
LG