Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: “Фронт выканаў і ажыцьцявіў вялікую місію нацыі ў 20-ым стагодзьдзі -- вярнуў Незалежнасьць Беларусі”


Сяргей Навумчык, Прага Сёньня – гадавіна ўтварэньня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

(Зянон Пазьняк, па тэлефоне з Нью-Ёрку: ) “19 кастрычніка 1988 года ў Чырвоным касьцёле ў Менску пад гром авацыяў і воклічаў захапленьня быў створаны Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту. Гэта была магутная і вызначальная падзея.

Фронт выканаў і ажыцьцявіў вялікую місію нацыі ў 20-ым стагодзьдзі -- вярнуў Незалежнасьць Беларусі, беларускі бел-чыровона-белы сьцяг, герб "Пагоня", дзяржаўнасьць мовы, беларускую школу, магчымасьць вольнага разьвіцьця і адраджэньня, самапавагу да саміх сябе.

Што ўспамінаецца з тае пары ў пачуцьцях? Гэта, найперш, грамадзкі ўздым і бясстрашнасьць народнага авангарду. І перакананасьць, упэўненасьць у перамозе. Рамантычны дух змаганьня, здавалася, вісеў у паветры. Было пачуцьцё духа салідарнасьці -- з Балтыяй, з Украінай, з Каўказам, бо ўжо дрыжэў камунізм, трышчэла крывавая імпэрыя, і чуйныя -- чулі, а відушчыя -- бачылі яе немінучы крах.

Гэта былі вельмі моцныя перажываньні, і за плячыма было адчуваньне крыльляў. Ня толькі я -- шмат хто з маіх сяброў і змагароў за Беларусь кажуць пра той час як пра самыя шчасьлівыя дні ў жыцьці, якія ніколі нельга забыць, якія сталі часткаю нашых душаў.

Калі я ўспамінаю той час, то адчуваю амаль фізычна, што вернецца наша воля і наша радасьць. Мы вернем і павагу, і свабоду, і сьцяг, і герб, і мову, і слаўнае наша імя, і нашу веліч. Вернем! Бо -- можам вярнуць. Гэтак жа, як вярнулі раней гонар і Незалежнасьць Беларусі.

Яшчэ вернецца Народны Фронт. Гэтыя людзі ўжо ідуць. І слухайце ўважліва, як упэўнена і цьвёрда чуецца іхны крок”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG