Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прадпрымальнікаў зьявіцца шанец вызваленьня ад эканамічных санкцыяў?


Іна Студзінская, Менск Аляксандар Лукашэнка падпісаў Указ “Аб удасканаленьні парадку вызваленьня суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасьці ад эканамічнай адказнасьці”. Цяпер рашэньне – караць альбо мілаваць прадпрымальнікаў – прымаецца выключна кіраўніком дзяржавы.

Дакумэнт прыняты выключна ў мэтах “перадухіленьня неабгрунтаванай эканамічнай неплацежаздольнасьці (банкруцтва) суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасьці, захаваньня і разьвіцьця вытворчасьцяў, найбольш значных для краіны і яе рэгіёнаў”. Кіраўнік краіны асабіста будзе вызваляць ад эканамічных санкцыяў ня толькі за падаткавыя, але і за іншыя парушэньні, у тым ліку ў будаўніцтве, гандлі, мытнай справе, банкаўскай дзейнасьці. Прычым нават тады, калі ўжо раней былі прыняты судовыя рашэньні.

Старшыня Беларускага Саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа ацаніў гэты Ўказ наступным чынам:

(Патупа: ) “Ня трэба разумець гэта як вызваленьне. Гэта сваеасаблівы “царскі ўказ” аб літасьці. Памілаваньне можа быць прымененае да асобных прадпрымальнікаў, якія здолеюць пераканаць, што для іх гэтая санкцыі занадта разаральныя. Гэта ня ёсьць амністыя, а менавіта магчымасьць паскардзіцца ў апошнюю інстанцыю. У некаторай ступені гэта сапраўды памілаваньне ад сьмяротнага пакараньня ў пляне фактычнай ліквідацыі бізнесу”.

Фільтраваць усе звароты і скаргі будзе Міжведамасная камісія, у складзе якой – прадстаўнікі Камітэту дзяжкантролю, пракуратуры, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, міністэрстваў. Калі камісія прызнае немэтазгодным вызваленьне ад эканамічнай адказнасьці, то хадайніцва прэзыдэнту прадстаўляцца ня будзе. На думку экспэрта ў эканамічных пытаньнях Яраслава Раманчука, пра малыя прадпрыемствы, ня кажучы ўжо пра прыватных прадпрымальнікаў, гаворка тут наагул не ідзе.

(Раманчук: ) “Працэдура, якая будзе даступна толькі для буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, таму што, ведаючы падазронасьць нашай улады і тое, што ня будзе чыноўнік ставіць візу аб тым, каб нейкаму прыватнаму альбо малому прадпрыемству спісваць усе даўгі. Таму, безумоўна, гэта мера дзеля таго, каб заручыцца падтрымкай буйных прадпрыемстваў у год прэзыдэнцкай кампаніі, каб яны не пачалі шукаць нейкія альтэрнатыўныя варыянты палітычнай сытуацыі, і больш нічога. Аб амністыі, аб падтрымцы малога прадпрымальніцтва альбо прыватнага сэктару безумоўна, у гэтым указе гаворка не ідзе”.

У Беларусі існуе праблема так званых “празьмерных санкцыяў” – часьцяком за самыя дробныя парушэньні ўводзяцца вельмі жорсткія пакараньні Зразумела, што некаторыя санкцыі прыводзяць да спыненьня дзейнасьці прадпрыемства, яно абвяшчаецца банкрутам. Частка санцкцыяў ні праз якія судовыя разгляды ніколі ў жыцьці не праходзяць. Саюз прадпрымальнікаў даўно выступае за лібэралізацыю заканадаўства, патрабуе спыніць пазасудовую канфіскацыю. Маюць кантралюючыя інстанцыі канкрэтныя прэтэнзіі, хочуць прымяніць санкцыі – калі ласка, рабіце гэта праз суд. Наагул, прымяненьне ўсялякіх санкцыяў – гэта прэрагатыва судовай галіны ўлады, лічыць старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў прафэсар Аляксандар Патупа.

(Патупа: ) “Але ў нас, як вядома, з галінамі туга, у нас ствол добры, і таму на сябе цягнецца яшчэ адзін кавалак судовай коўдры. То бок фактычна прэзыдэнт разам з камісіяй, якая прызначана, пачынае адыгрываць ролю апошняй судовай інстанцыі – караць альбо мілаваць”.

Гаворыць экспэрт ў эканамічных пытаньнях Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “Гэты ўказ – перш за ўсё, абраза ўсёй судовай сыстэмы Беларусі. Быццам судзьдзі, судовыя рашэньні не маюць ніякага значэньня, таму што ёсьць ужо ў нас ня цар, не імпэратар, а ня ведаю хто, які можа ня толькі пісаць законы, выконваць іх, але і судзіць, выконваюццца добра яны ці не”.

У сярэдзіне верасьня Лукашэнка падпісаў указ аб парадку вызваленьня прэзыдэнтам ад крымінальнай адказнасьці асобаў, якія зьдзейсьнілі эканамічныя, фінансавыя злачынствы. Сутнасьць яго ў тым, што без суду і сьледзтва прэзыдэнт можа вызваляць чалавека за фінансавыя махінацыі, эканамічныя злачынствы, калі той пакаяўся і ўсё накрадзенае нібыта вярнуў. А цяпер яшчэ Лукашэнка асабіста будзе вяршыць лёс прадпрыемстваў, прыватнага бізнэсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG