Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асінкаю заламаць


Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Сказаў колісь хтосьці зь беларусаў: “Не, я дарогу туды асінкаю заламаў, болей век не пайду”. Асінкаю заламаць ці асінкі заламаць – гэта значыць даць самому сабе зарок, прыняць цьвёрдае, беспаваротнае рашэньне ад нечага адмовіцца – напрыклад, не хадзіць, нагою не ступаць кудысьці, да кагосьці альбо па нейкай дарозе. Так тлумачыць выраз слынны зьбіральнік беларускае фразэалёгіі Фёдар Янкоўскі.

Па-расейску так і скажуць: дать зарок, отказаться навсегда. Тое ж, прыкладам, і ангельцы – маюць даслоўныя выразы to pledge oneself, to give an undertaking.

Скуль жа беларусы маюць такую вобразную фразэму – асінкаю заламаць? Фразэму насамрэч маляўнічую й вельмі інфармацыйную, паколькі ў аснове яе захаваліся паганскія вераваньні нашых продкаў пра асіну. На асіне жывуць трасцы-ліхаманкі (адсюль і выраз трасецца, як асінавы лісток), пад асінаю – нячысьцік, у асінавым пні – лесавік, а асінавік – вельмі горкі. Ну а пра славуты ня толькі ў славянаў спосаб зьнішчэньня наўца – убіць яму ў грудзі асінавы кол – і нагадваць ня трэба, дзякуючы галівудзкім стужкам. Заломваньнем асінкі нашыя продкі засьцерагаліся ад ведзьмаў на Купальле, адганялі нячысьцікаў, лячылі хваробы. Так і пайшлося: асінкаю заламаць ці асінкі заламаць, а то й забіць асінавы кол – канчаткова пазбавіцца нечага, паабяцаць сабе больш нечага не рабіць альбо некуды не хадзіць.

Да прыкладу, ня хоча хтось больш цыгарэткі паліць (ці зублéнкі, як іх сьмяшліва празвалі ў народзе), дык і скажа: “Зублéнкамі сабе век укароціш, то іх я асінкаю заламаў!”

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG