Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"New York Times" піша пра Аляксандра Мілінкевіча


Юры Дракахруст, Прага “Баючыся паўстаньня ва ўкраінскім стылі, Беларусь закручвае гайкі” – у артыкуле пад такой назвай "New York Times" апісвае бягучую палітычную сытуацыю ў Беларусі і пэрспэктывы яе разьвіцьця.

“Аляксандар Мілінкевіч узначаліў неверагодную кааліцыю палітыкаў і лідэраў грамадзянскай супольнасьці, якая спрабуе кінуць яшчэ больш неверагодны выклік на прэзыдэнцкіх выбарах” – піша газэта.

Паводле выданьня, пры падтрымцы Эўропы і Амэрыкі высілкі беларускай апазыцыі ўліваюцца ў новы віток барацьбы за дэмакратыю на прасторы, якая раней была часткай СССР. Гэта – адзначае New York Times – створыць напружанасьць ў адносінах ня толькі з ўрадам Лукашэнкі, але і з расейскім прэзыдэнтам Пуціным.

Выданьне распавядае пра шматлікія разгоны дэманстрацыяў пратэсту, арышты палітычных актывістаў у Беларусі. “Беларускія ўлады асабліва імкнуцца прадухіліць ператварэньне дробных акцыяў у буйнамаштабныя выступы” – цытуе газэта неназванага заходняга дыплямата.

"New York Times" піша, што праціўнікі Лукашэнкі ня маюць вялікай падтрымкі за мяжой. Злучаныя Штаты абяцалі 5 мільёнаў даляраў на разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі, але не ўдакладнілі, на што будуць выдаткаваныя гэтая грошы. Аднак, на думку газэты, менавіта зьнешні ціск і забарона на ўезд у Эўропу некаторых беларускіх чыноўнікаў спрыялі таму, што Лукашэнка дазволіў правесьці ў Менску Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Выданьне цытуе Аляксандра Мілінкевіча, які гаворыць: “Мы выступаем толькі за мірныя выбары. І калі нам давядзецца выйсьці на вуліцы, каб абараніць свой выбар, мы выйдзем, але без камянёў і пісталетаў”.

Лідэр апазыцыі распавёў карэспандэнту "New York Times" пра словы аднаго міліцэйскага генэрала, які сказаў апазыцыянэрам: “Калі вы будзеце выводзіць на вуліцы Менску па 2 тысячы чалавек, мы будзем вас і далей біць, як білі раней. Але калі мы ўбачым, што на вуліцы выйшла 100 тысячаў чалавек, тады мы далучымся да іх”.
XS
SM
MD
LG