Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод прадпрымальнікаў насьпявае чарговая хваля пратэсту


Міхал Стэльмак, Менск У прадпрымальніцкім асяродзьдзі сьпее чарговая хваля пратэсту. У рэгіёнах гандляры пачалі зьбіраць подпісы за адмену новаўвядзеньняў, прадугледжаных сёлетнімі ўказамі Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненьні да дробнага бізнэсу.

Кампанію збору подпісаў ініцыявалі гандляры Полацку і Наваполацку. Вось што паведаміў пра гэта іхны лідэр Валеры Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “У Полацку і Наваполацку адбыўся збор подпісаў рынкавых гандляроў пад зваротам да Лукашэнкі, у якім прапануецца адмена бухгальтэрызацыі для прадпрымальнікаў, якія працуюць на рынках і ў гандлёвых цэнтрах па адзіным падатку. Падатак у прыватных гандляроў разьліковы, сплачваецца авансам да пачатку дзейнасьці і няма сэнсу ў дадатковым уліку.

Тым больш, што мы маем два дадатковыя падаткі ў пяць і больш разоў вышэй за падаткі ў суседніх краінах. Ніводнага рубля выдаткаў не ўлічваецца. У такім разе сэнс бухгальтэрызацыі ў тым, каб зьбіраць дадатковыя грошы і немалыя. За нязначныя памылкі ці недакладнасьці тавар можна канфіскоўваюць, адбіраць ліцэнзіі й нават бізнэс, у першую чаргу ў неляяльных да ўладаў прадпрымальнікаў”.

Нагадаем, паводле чэрвеньскага ўказу Лукашэнкі, выяўленьне нават нязначных недакладнасьцяў у кнізе ўліку пра колькасьць альбо від тавараў пагражае гандляру штрафам ад 30 да 50 базавых велічыняў з канфіскацыяй тавараў. Таму ініцыятыву палачанаў пра неабходнасьць пратэсту супраць дзеючага заканадаўства падхапілі бізнэсоўцы іншых рэгіёнаў. Гаворыць лідэр рэчыцкіх прадпрымальнікаў Леанід Невар:

(Невар: ) “Урад не аналізуе дзеяньні пасьля таго, як быў уведзены падатак на даданую вартасьць. Была распрацавана заява ва ўрад і прэзыдэнту пра тое, што ўсе гэтыя палажэньні пра касавыя апараты і дакумэнтацыю павінны быць адменены. У сувязі з гэтым мы зьбіраем гэтыя подпісы”.

Паведаміў спадар Невар. Набірае размах падпісная кампанія і ў Берасьці. Тут было сабрана каля 370 подпісаў. Аднак частка, як паведаміў лідэр тутэйшых бізнэсоўцаў Вячаслаў Кухарчык, канфіскавана:

(Кухарчык: ) “У мяне на рынку адміністрацыя тыя подпісы, якія я зьбіраў за адмену кнігі ўліку і талёнаў, наагул забрала і сказала, што гэта правакацыя з майго боку. І каб прадпрымальнікі нічога не падпісвалі. На момант канфіскацыі мы сабралі каля ста подпісаў”.

Паведаміў Вячаслаў Кухарчык, лідэр прадпрымальнікаў Берасьця.
XS
SM
MD
LG