Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава: Віртуальны горад Максіма Багдановіча


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ўвечары ў Менску ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча адчынілася выстава, якая ўтварыла віртуальны горад, на вулках якога паэт прызначае спатканьне сваім прыхільнікам. Па Багдановічавых вулках ужо пасьпела паблукаць нашая карэспандэнтка.

Пад гукі духавога аркестру, які ствараў гарадзкую атмасфэру часоў Максіма Багдановіча, першую экскурсію па віртуальным горадзе паэта правяла дырэктарка музэю Тацяна Шэляговіч.

(Шэляговіч: ) “Вось кніжная крама. Яна прадстаўляе выданьні, якія радавалі нас, радуюць і я думаю, што яшчэ шмат выданьняў твораў Максіма Багдановіча будуць зьяўляцца на паліцах кніжнай крамы…

Спыніцеся, калі ласка, каля кіёску. Кіёск знаёміць нас з выданьнямі, пэрыёдыкай, сувэнірамі. Прыемна было трымаць у фондах гэтыя экспанаты, бо амаль што за кожным экспанатам свая гісторыя, гісторыя стварэньня, гісторыя ўзьнікненьня і гісторыя калекцыйная…”

Паэт чакае сваіх прыхільнікаў ля гарадзкога тэатру і філярмоніі, у мастацкай галерэі і фотамайстэрні, ля дому літаратара і нават у экскурсійным бюро, якое ладзіць вандроўкі па Багдановічавых мясьцінах ня толькі ў горадзе ягонага нараджэньня Менску, але і ў горадзе маленства Горадні, гарадох юнацтва Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі, горадзе першае паэтычнае славы Вільні і ў Ялце – горадзе апошняга прыстанку.

У створаным музэйшчыкамі Багдановічавым горадзе я сустрэла карэннага менчука скульптара Алеся Шатэрніка.

(Шатэрнік: ) “Тут вось і дом мой побач і тут была лазьня праз дваццаць мэтраў, у якую мы з бацькам хадзілі, і Максім, канечне, жыве ўвесь час побач з намі”.

А вось якія ўражаньні ад вандроўкі па віртуальным Максімавым горадзе ў паэткі, якой пашчасьціла мець адно з Багдановічам прозьвішча. Гаворыць Ірына Багдановіч.

(Багдановіч: ) “Такі мітычны горад, створаны ў музэі, вяртае нас да аблічча Багдановіча, да тонкіх нюансаў і глыбіняў яго творчасьці. Сапраўды ўражаньне, што ты трапляеш у горад цудаў, у горад паэзіі і заўсёды судакрананьне тваёй душы з душой вялікага паэта павінна нарадзіць нешта незвычайнае”.

Выстава “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…” прымеркаваная да 25-годзьдзя з пачатку стварэньня ў Менску Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.

Гэтую адмысловую дату ягоныя супрацоўнікі хацелі адзначыць значна больш маштабнымі імпрэзамі, аднак, як сумна пажартавала аўтарка канцэпцыі віртуальнага паэтавага гораду Ніна Гарэлік, “мы ляцім да зор у вельмі строгіх рамках дзяржаўнага бюджэту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG