Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Развод у старадаўнім беларускім грамадзтве


Вячаслаў Ракіцкі, Прага (Эфір 13 кастрычніка 2005 году) Новая перадача сэрыі "Беларуская Атлянтыда". Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Сучаснае дэмакратычнае грамадзтва сярод найважнейшых правоў чалавека лічыць не ўмяшаньне ў асабістае жыцьцё асобы. Дэмакратычная дзяржава, клапоцячыся пра сям’ю, ствараючы ўмовы дзеля яе трываласьці, дзеля нараджэньня і выхаваньня дзяцей, тым ня меней паважае права кожнага чалавека самому вырашаць сваё асабістае жыцьцё, у тым ліку і праблему шлюбу. А ў народнай традыцыі, у архаічным і старавечным грамадзтвах, ці быў чалавек самастойным у тым, што тычылася шлюбу?”

(Тацяна Валодзіна: ) “Жаніцьба – не была індывідуальнай справай, яна тычылася ўсяго роду, усёй вясковай супольнасьці. Кожны дарослы чалавек мусіў узяць шлюб, інакш парушаўся ўсталяваны парадак, што пагражала рознымі бедамі. Гэтак жа строга род сачыў і за захаваньнем сем’яў, нёс за іх маральную адказнасьць. Развод абмяркоўваўся і перажываўся ня столькі самой парай, колькі родам, соцыюмам. Да таго ж развод рэзка асуджаўся царквою, а ўся царкоўная літаратура сьцьвярджала ідэю боскасьці паходжаньня і таму неразрыўнасьці шлюбу.”

(Ракіцкі: ) “Пачнём з прычынаў скасаваньня шлюбу ці разводу. У савецкія часы ці не самай папулярнай была фраза “не сышліся характарамі”. Цяпер, ужо не саромеючыся, людзі кажуць і пра сэксуальную несумяшчальнасьць. Усё гэта бярэцца пад увагу судом, празь які і скасоўваецца шлюб. А ў старадаўнасьці? Што штурхала да такога рэзкага кроку?”

(Валодзіна: ) “Колішнім правам для царкоўнага разводу прызнавалася некалькі прычынаў: здрада жонкі, няздольнасьць мужа да, так бы мовіць, выкананьня шлюбных абавязкаў, замах на жыцьцё шлюбнага партнэра. Жонка магла пайсьці, калі муж беспадстаўна абвінаваціў яе ў здрадзе. Пытаньні каханьня, характараў, удзелу ў выхаваньні дзяцей, маёмасныя праблемы не абмяркоўваліся. Здрады мужа да пільнай увагі не прымаліся. Акрамя царкоўнага існаваў і самавольны развод – так званы роспут, які практыкаваўся і мужамі, і жонкамі.”

(Ракіцкі: ) “Зразумела, канфлікты ў сем’ях бывалі заўсёды. Але ці адразу ставілася пытаньне аб разводзе, ці яму папярэднічалі нейкія іншыя захады? Прыкладам, зараз пры разводзе мужу і жонцы прапаноўваецца нейкі тэрмін дзеля прымірэньня. А тады?”

(Валодзіна: ) “Сапраўды, на Беларусі існавала такая форма вырашэньня сямейных канфліктаў як прочкі. Праўда, тычыліся яны перадусім жанчыны. Калі жонка не магла больш стрываць зьдзекаў мужа ці ягонай сям’і, яна ўцякала дадому. Бегла да бацькоў. Далейшае залежала ад дастатку і цярпімасьці ейных родных. Вельмі часта такая акалічнасьць як прочкі ўспрымалася як сорам перад усёй вёскаю, і таму бедную жанчыну стараліся вярнуць назад. Варта ўлічваць, што бацькі і жылі як правіла са старэйшым сынам, а той мог і не захацець узваліць на свае плечы сястру зь дзецьмі. Захавалася некалькі запісаў такіх звычаяў. Вось тыповы:

“Ідучы па вуліцы ў прочкі, кабета моцна плакала, нават галасіла, прычытвала: “Бажок, бажок, нясе мяне на той беражок, каб я гэтага дурня не бачыла”. Строгі ж бацька, што меў у хаце і іншых дзяцей, казаў часам дачцэ: “Няма чаго бегаць. Адрэзаны ломаць нам ня трэба, ідзі назад. Дзе цябе пасадзілі, там і жыві”. Часта пасьля гэтых слоў дачка, горка заплакаўшы, вярталася да нялюбага мужа ці заставалася нанач, а раніцай ішла назад, нізка апусьціўшы галаву.”

Калі ў прочніцы заможная радня, уплывовыя абаронцы, у прочкі яна ішла дэманстратыўна, забірала дзяцей. Забірала з сабой абраз, якім яе благаславілі да шлюбу. І жыць там заставалася і месяц, і два.”

(Ракіцкі: ) “І як жа канфлікт вырашаўся? Жанчына добраахвотна вярталася да мужа? Усё прабачала?”

(Валодзіна: ) “Напачатку з абодвух бакоў зьбіраліся сваякі або прыяцелі на своеасаблівыя перамовы. Калі ў выніку такіх гаворак прычыну прочак прызнавалі важнай, крыўду слушнай, то муж абавязаны быў прыйсьці за жонкай і папрасіць прабачэньня. На Магілёўшчыне гэта адбывалася так:

“Прыходзіў муж, станавіўся ў парозе на каленях і, зьвяртаючыся да жонкі, гаварыў: “Гаспадынька, мілая, прасьці мяне, вярніся, будзем жыць з табою, пражываць, дзетак нажываць, і будуць нам людзі завідаваць”. Зьвяртаўся потым і да цёшчы зь цесьцем, прасіў прабачэньня ў іх, абяцаў, што больш так ня будзе. Як правіла, такі візыт заканчваўся сумесным частаваньнем і ўрачыстым адпраўленьнем у дом мужа.”

У адваротным выпадку, калі ў паводзінах жанчыны род убачыў сваволю, прымушаў яе самую вярнуцца і скарыцца. Калі ж прымірэньне падавалася немагчымым, ставілася пытаньне аб фармальных разлучынах. І тады жанчына прыбывала са сваім родам у мужаву хату, апраналася ў падвянечнае і сядала на шлюбным ложы – гэта быў знак, што яна цьвёрда і беспаваротна парашыла пайсьці на разлучыны.”

(Ракіцкі: ) “Але цікава, што апранала шлюбныя строі. Выходзіць, яны захоўваліся? І як часта гэта рабілася?”

(Валодзіна: ) “Паводле правілаў, калі ўсё добра, падвянечнае адзеньне жанчыны строга хавалі, раз на год перасушвалі, каб затым пайсьці ў ім на той сьвет. Шлюбны строй станавіўся пахавальным. У часе палявых экспэдыцыяў, калі і я прасіла аддаць ці прадаць самабытныя вясельныя строі для музэю, даводзілася чуць: “А ў чым жа я ў дамавіну лягу?” Таму і апрануць іх традыцыя дазваляла толькі пры разлучынах. Вось як расказвала пра рытуал разлучынаў адна з жанчын Вацлаву Ластоўскаму:

"І калі сказаў мой: не хачу яе, і відаць было, што ўсё роўна ніяк не паладзім, то нябожчык Міхайла стаў перад пачэсным кутам, перахрысьціўся і пакланіўся ў пояс, рукой датыкаючы да зямлі, сьпярша ў пачэсны кут, а пасьля маёй і мужавай сям’і. Узяўшы грамнічную сьвечку, запаліў і паставіў яе на стале. І пытаў: - Пытаю цябе, Рыгор, і цябе, Грыпіна, перад Богам сьвятым, перад пачэсным кутом, перад грамавым агнём, перад мужамі чэснымі, перад жонкамі статэчнымі, перад дзеткамі вашымі, ці разлучаецеся? - Мы сказалі, што разлучаемся. Тады Міхал сказаў распаясацца Рыгору і, выцягнуўшы з яго пояса адну нітку, даў адзін канец ніткі мне, а другі Рыгору ды падпаліў нітку сьвечкай. Пасьля загасіў сьвечку і сказаў: - Цяпер вы, дзеткі, вольныя. Але ж не разлучайцеся ў гневе і жалю адзін на другога, падайце ж рукі на разьвітаньне.

Забраўшы з сабой малых дзетак, каравёшку, кублы з палатном, вярнулася да бацькоў.”

(Ракіцкі: ) “Троху трагічна, але ўрачыста і паважліва. Наколькі арганічны такі абрад у рытуальным жыцьці наогул?”

(Валодзіна: ) “Пабудаваны абрад разлучынаў паводле ўсіх правілах абрадаў пераходу, якімі ёсьць роды, вясельле і сьмерць. Найперш прыгадаем блаславеньне, абавязковае і пры разлучынах і пры вясельлі, калі станавілася ледзь не вырашальным пры заключэньні шлюбу. Да таго ж абрадавае значэньне пояса. Менавіта ўзяўшыся за пояс, маладыя на вясельлі абыходзілі стол, поясам ім зьвязвалі рукі. Пояс злучаў, скоўваў. А тут разводзіў і разлучаў. Хаця развод у абсалютнай большасьці выпадкаў ініцыяваўся жонкай, адбываўся ён у доме мужа. Там маладая жанчына рытуальна вызвалялася ад папярэдняй ролі жонкі і ў новай якасьці “разлучанай малодкі” пакідала хату.”

(Ракіцкі: ) “Наколькі можна казаць пра старажытнасьць такіх рытуалаў? Ці толькі сялянскі гэта звычай? Ці існаваў ён шырэй?”

(Валодзіна: ) “Вядомыя прочкі і разлучыны і гараджанам, і нават князям. А на старажытнасьць асобных дэталяў рытуалу паказваюць летапісныя крыніцы. Прыкладам, паводле зводнай рэдакцыі старажытнарускай гісторыі Міхаіла Пагодзіна, падобным чынам разыходзіўся з Рагнедаю князь Уладзімір:

“Валадзімір загадаў ёй прыбрацца ва ўсю княжую вопратку, як у дзень пасаду, і сесьці на сьветлай пасьцелі ў харомах і хацеў, прыйшоўшы, забіць яе. Яна зрабіла так і, даўшы ў рукі сыну свайму Ізяславу голы меч, сказала: Калі прыйдзе сюды бацька, выступі і скажы: “Ойча хіба ты думаеш, што ты тут адзін?” Валадзімір адказаў: “А хто ведаў, што ты тут?” І кінуў свой меч, склікаў баяр, расказаў ім, што было. Яны пастанавілі: “Не забівай яе, дзеля гэтага дзіцяці, але вазьмі бацькаўшчыну яе і аддай ёй з сынам сваім.”

(Ракіцкі: ) “Пакуль мы гаварылі пра рытуальны, звычаёвы аспэкт прочак і разлучынаў. А бок маральны? Як ставіўся вясковы соцыюм да разводу? Як ацэньваў?”

(Валодзіна: ) “Адназначна нэгатыўна. Ідэал народнай этыкі – моцная, трывалая сям’я. “Першая жонка – ад Бога, другая – ад людзей, трэцяя – ад чорта”, – так у прыказках. Людзі разьведзеныя атрымлівалі крыўдныя мянушкі. Ярлык “разьвядзёнкі” або нават “распушчэнкі” прыклейваўся на ўсё жыцьцё. У пэўнай ступені падобныя погляды існуюць на вёсцы і цяпер. Развод ня столькі асуджаецца, колькі цяжка перажываецца. Эмансыпаваны ж беларускі горад паводле колькасьці разводаў значна апераджае многія эўрапейскія краіны.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG