Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым кіраўніком праўладнага Саюзу журналістаў стаў рэдактар "Рэспублікі"


Ігар Карней, Менск У Рэспубліканскім Доме журналіста адбыўся ХІ зьезд Беларускага Саюзу журналістаў (БСЖ). Замест Леаніда Екеля, які кіраваў праўладным журналісцкім аб’яднаньнем больш за паўтара дзясятка гадоў, дэлегаты выбіралі новага старшыню. У выніку супрацьстаяньня новым кіраўніком БСЖ абраны рэдактар газэты “Рэспубліка” Анатоль Лемяшонак.

Ніхто ў кулюарах зьезду не сумняваўся: сёньня эпоха Леаніда Екеля скончыцца. Адныя перашэптваліся, што Екель “зарваўся”, і спасылаліся на вынікі праверкі Дзяржкантролю; іншыя казалі, што пасьля папярэдняй працы сярод дэлегатаў, санкцыяванай “наверсе”, шанцаў у Екеля не было ніякіх.

Яшчэ да галасаваньня называліся найбольш рэальныя кандыдаты на месца кіраўніка Саюзу журналістаў. Перадусім, рэдактар газэты “Рэспубліка” Анатоль Лемяшонак і былы шэф вайсковай газэты “Во славу Родины” Рыгор Сакалоўскі, вядомы як аўтар словаў да песьні Эдуарда Ханка “Товарищ президент”.

Леаніду Екелю паміж канкурэнтамі даводзілася толькі апраўдвацца за “нямэтавае выкарыстаньне членскіх унёскаў”, у чым, па выніках праверкі Камітэтам дзяржкантролю, арганізацыя і была абінавачаная.

(Екель: ) “Плата за арэнду памяшканьняў — вось асноўная крыніца існаваньня саюзу. Плошчы, якія ёсьць нашай уласнасьцю, здаём у арэнду і атрымліваем за гэта пэўныя сумы. Параўнайце: 1 мільён рублёў ад унёскаў і 63 мільёны ад арэнды. Заробак штатных супрацоўнікаў БСЖ, пэўна, самы нізкі; побач можна паставіць хіба толькі абсалютна стратныя гаспадаркі. Мы жывём па сродках. Толькі ў адным выпадку было маленькае перавышэньне з нашага боку. Гэта я кажу да таго, што часта чуем папрокі: маўляў, вы шыкуеце за нашыя ўнёскі. Вось я вам паказаў рэальную карціну вакол унёскаў”.

Інтарэс да зьезду з боку ўладаў быў не абы-які. Месца ў прэзыдыюме занялі міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч, ягоная першая намесьніца Лілія Ананіч, начальнік ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Слабадчук, прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі, іншых ведамстваў. Зь іх згоды і быў названы новы кіраўнік БСЖ, рэдактар “Рэспублікі” Анатоль Лемяшонак.

За некалькі хвілінаў да пачатку сходу ў фае Дому журналіста, збудаваным пад патранажам Екеля, Уладзімер Русакевіч тлумачыў, што з дапамогай новага старшыні настаў час рэзка падвысіць статус арганізацыі.

(Русакевіч: ) “Беларускі саюз журналістаў аб’ядноўвае людзей, якія працуюць у дзяржаўных СМІ. А гэта значыць, журналістаў, якія душой і сэрцам падтрымліваюць палітыку кіраўніцтва краіны, дапамагаюць у рэалізацыі гэтай палітыкі пяром, словам, справай. Таму Мінінфармацыі ня можа заставацца абыякавым да лёсу гэтага саюзу. Шчыра трэба сказаць: эфэктыўнасьць працы аб’яднаньня на гэты момант невысокая. Мы якімсьці чынам разьядналіся, адышлі адзін ад аднаго, заняліся здабычай матэрыяльных рэсурсаў, захаваньнем маёмасьці. А мы хочам, каб гэта была грамадзкая арганізацыя, якая б выконвала значную ролю”.

Сярод сотні дэлегатаў і запрошаных гасьцей ХІ зьезду БСЖ не было ніводнага прадстаўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая аб’ядноўвае супрацоўнікаў недзяржаўных мэдыяў.

Юрыст БАЖ Андрэй Бастунец кажа, што на запрашэньне ніхто і не разьлічваў. Аднак згадвае, што колісь БАЖ і БСЖ прымалі нават сумесныя заявы.

(Бастунец: ) “У 1995 годзе апошні раз Саюз журналістаў выступіў з пратэстам супраць затрыманьняў і зьбіцьця журналістаў. Пасьля чаго гэты кірунак дзейнасьці быў згорнуты. Дый яшчэ некалькі гадоў таму ў Вільні, падчас кансультацый пад эгідай АБСЭ, сустракаліся кіраўнікі БАЖ і БСЖ. У тым ліку закраналіся пытаньні доступу апазыцыі да дзяржаўных СМІ. Была падрыхтаваная дамова аб сумеснай дзейнасьці паміж БАЖ і Саюзам журналістаў, у якой была прапісаная сумесная дзейнасьць. Але, зноў жа, усё засталося толькі на паперы. На жаль, мы існуем у паралельных прасторах”.

Паводле мандатнай камісіі, членамі БСЖ зьяўляюцца 1607 чалавек. Колькасны склад арганізацыі імкліва зьмяншаецца, перадусім, за кошт выключаных з саюзу “злосных” няплатнікаў унёскаў. Па-другое, некаторыя мэдыі папросту адмаўляюцца ад журналісцкіх “пярвічак”. У гэтым сэнсе найбольш моцны ўдар па БСЖ нанесла Белтэлерадыёкампанія, якая палічыла існаваньне падобнай “ячэйкі” на Макаёнка, 9 немэтазгоднай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG