Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Аляксандар Якаўлеў


Юры Дракахруст, Прага У Маскве ва ўзросьце 81 год памёр прэзыдэнт фонду "Дэмакратыя", акадэмік Расейскай Акадэміі Навук, вядомы расейскі палітык Аляксандар Якаўлеў...

Здаецца, нават Міхаіл Гарбачоў не выклікаў у расейскіх шавіністаў і плакальшчыкаў па былой камуністычнай і імпэрскай велічы такой нянавісьці, як Аляксандар Якаўлеў, які ўвойдзе ў расейскую і ўсясьветную гісторыі зь іменем “архітэктара перабудовы”.

Цяпер тая дваццацігадовай даўніны спроба аднаўленьня і рэфармацыі камуністычнай сыстэмы здаецца палавінчатай і ў чымсьці нават недарэчнай. Але ў гэтым поглядзе назад зьнікае тагачаснае неверагоднае пачуцьцё вызваленьня пасьля дзесяцігодзьдзяў маўчаньня, пачуцьцё свабоды, як ні парадаксальна, шмат у чым значна большай, чым тая, якая ёсьць і ў сёньняшняй Расеі, і ў сёньняшняй Беларусі.

Не было б перабудовы, не было б і краху камунізму і якой-ніякой, але ўсё ж незалежнай Беларусі.

У канцы 1990-х мы былі сьведкамі масавага вяртаньня зроку – шчырага ці не – мільёнаў людзей, у тым ліку і камуністаў. Шмат для каго гэта быў проста сродак прыстасаваньня да новай рэчаіснасьці.

Аляксандар Якаўлеў не прыстасоўваўся да гэтай рэчаіснасьці, ён яе ствараў. І калі Міхаіл Гарбачоў часта выглядаў толькі зброяй Боскай волі, Якаўлеў ведаў, што і навошта рабіў.

Салдат Другой Усясьветнай, артадаксальны камуністычны тэарэтык, кіраўнік ідэалягічнага аддзелу ЦК КПСС – нічога, здавалася, ня сьведчыла пра тое, што гэты чалавек – апірышча і ўвасабленьне камуністычнай сыстэмы стане яе магільшчыкам.

Цяжкай і доўгай была духоўная эвалюцыя Аляксандра Якаўлева. Але было і нешта яшчэ. Ужо ў 1980-я гады, падчас частай зьмены герантакратычных генсекаў, якую народ дасьціпна называў “гонкай на лафэтах”, камуністычная ідэя ўжо фактычна памерла ў душах людзей. Але адно – страціць веру, але зусім іншае – павесьці людзей, народ з капішча мёртвых ідалаў прэч, па дарозе, якая не гарантавала нічога, акрамя самага руху прэч з царства сьмерці.

І кажучы па-абывацельску, навошта, чаго не хапала? Улады – якой жа можа быць большай улада, чым ўлада паўбагоў з палітбюро, адным зь якіх быў Якаўлеў? Багацьце? У адрозьненьні ад шмат якіх палымяных камуністаў, якія хуценька ператварыліся ў карыкатурных капіталістаў-крывасмокаў, Аляксандар Якаўлеў памёр, як жыў, расейскім інтэлігентам.

У рамане расейскага пісьменьніка Андрэя Бітава “Пушкінскі дом” адзін з герояў, былы зэк сталінскіх лягераў гаворыць: "Няма шляху свабоды. Шлях свабодны. Ідзі, калі можаш".

Аляксандар Якаўлеў мог. І ішоў. І прайшоў годна, бо шлях, пройдзены ім, пройдзены дзякуючы яму, рабіўся шляхам свабоды. Тым, хто жывыя, ісьці далей.
XS
SM
MD
LG