Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – “прыярытэтны напрамак” для міжнародных прафсаюзаў


Сьвятлана Курс, Прага Міжнародная канфэдэрацыя свабодных прафсаюзаў (МКСП) канстатуе: ва ўсім сьвеце расьце гвалт супраць прафэсійных зьвязаў. Каля 145 дзеячаў прафэсійнага руху былі забітыя, блізу 700 – катаваныя або зьбітыя. Яшчэ большая колькасьць выпадкаў, калі праца прафэсійных зьвязаў паралізуецца дзяржавай. З эўрапейскіх краінаў найбольш жорсткую крытыку выклікалі Беларусь, Малдова й Украіна.

МКСП – найбуйнейшая ў сьвеце арганізацыя прафэсійных зьвязаў. Сёлетні яе даклад, які ахоплівае 137 краінаў, паведамляе: сотні актывістаў прафэсійнага руху былі забітыя альбо катаваныя, каля 4,5 тысяч страцілі працу ў выніку перасьледу за сваю дзейнасьць. Найгоршая сытуацыя ў Калюмбіі, дзе былі забітыя 99 дзеячоў прафсаюзаў, а сярод эўрапейскіх краінаў найгоршае становішча ў Беларусі, Украіне й Малдове.

Даклад прэзэнтаваў дасьледчык Янэк Кучкевіч. Ён заявіў, што ва Ўкраіне дзяржава доўга культывавала традыцыю запалохваньня і ўмяшаньня ў справы прафсаюзаў, і невядома, як зьменіцца сытуацыя пры новым кіраўніцтве. Гэтак, быў выкрадзены спэцслужбамі й жорстка зьбіты сын кіраўніка Канфэдэрацыі Свабодных прафсаюзаў Міхаіла Валынца.

Аднак “галоўны напрамак” міжнароднага прафэсійнага руху – Беларусь, заявіў аналітык. У гэтай краіне праблемы маюць сыстэмны характар – абмежаваньне рэгістрацыі незалежных зьвязаў, умяшаньне дзяржавы ў іхныя ўнутраныя справы, перасьлед лідэраў аж да іхнага звальненьня.

(Кучкевіч: ) "Мелі месца маніпуляцыі, цалкам арганізаваныя ўрадам з мэтаю ўціску й поўнага кантролю над галоўнай прафэсійнай арганізацыяй краіны – Свабоднымі прафсаюзамі Беларусі".

Кучкевіч нагадвае, што ў справе Беларусі зьбіралася Камісія Міжнароднай арганізацыі працы ААН – выключная працэдура, эквівалентная статусу Міжнароднага трыбуналу ААН ў справах ваенных злачынстваў. Камісія распрацавала 11 рэкамэндацыяў беларускаму кіраўніцтву на чале з прэзыдэнтам А. Лукашэнкам, аднак сытуацыя ў краіне працягвае пагаршацца.

У Малдове распаўсюдзілася практыка ўціску, у тым ліку судовага й фінансавага, на незалежныя зьвязы. Ціснуць і на працоўных, каб прымусіць іх далучацца да праўрадавых прафэсійных зьвязаў, асабліва ў сельскай гаспадарцы й ахове здароўя.
XS
SM
MD
LG