Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя прафсаюзы ставяць Беларусь у адзін рад з Іранам, Нігерыяй...


Галіна Абакунчык, Менск Міжнародная канфэдэрацыя свабодных прафсаюзаў апублікавала штогадовы даклад пра становішча з правамі прафсаюзаў у сьвеце. У дакумэнце асаблівая ўвага нададзеная краінам, дзе засьведчаныя шматлікія прыклады парушэньня правоў прафсаюзаў. Сярод іншых гэта Калюмбія, Бірма, Нігерыя, Іран, Турцыя, Вэнэсуэла, Зымбабвэ і Беларусь. У Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі гэтыя абвінавачаньні называюць беспадстаўнымі. Прадстаўнікі незалежнага прафсаюзнага руху, наадварот, лічаць іх справядлівымі.

У дакладзе Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў гаворыцца, што ў Беларусі маюць месца факты сур’ёзных парушэньняў свабоды асацыяцыяў, гвалт і перасьлед сяброў прафсаюзаў з боку ўладаў. У Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі гэтыя заявы называюць несправядлівымі. Вось што ў інтэрвію “Свабодзе” сказаў намесьнік старшыні ФПБ Мікалай Беланоўскі:

(Беланоўскі: ) “Паверце, што парушэньняў правоў прафсаюзаў, асабліва ў большасьці новых краінах Эўразьвязу, у нашых прыбалтыйскіх сяброў ня менш, а, можа, у каго-небудзь і больш. Канечне, у прафсаюзаў заўсёды будуць пытаньні й праблемы, бо яны абараняюць чалавека. Першае маё перакананьне, што вельмі жорсткая ацэнка — яна несправядлівая”.

У сваю чаргу прадстаўнік Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў у краінах СНД Вадзім Барысаў заяўляе пра падвойныя стандарты, якімі карыстаюцца кіраўніцтва фэдэрацыі і ўрад Беларусі. Гаворыць Вадзім Барысаў:

(Барысаў: ) “Высокая ступень хітраваньня — казаць, што ў іншых краінах сьвету таксама парушаюцца правы прафсаюзаў. У Беларусі гэта мае масавы і сыстэматычны характар. Гэтыя факты зафіксаваныя, і Міжнародная арганізацыя працы з 2000 году патрабуе выпраўленьня гэткага становішча. І ў гэтым выпадку мы бачым падвойную мараль: на сэсіях МАП урад Беларусі прызнае гэтыя парушэньні і намерваецца вырашыць праблему. Але насамрэч кіраўніцтва Беларусі ідзе ў супрацьлеглым кірунку. І колькасьць гэтых фактаў парушэньняў толькі павялічваецца”.

Аб непраўдзівасьці выказваньняў кіраўніцтва фэдэрацыі пра абарону правоў працоўных заяўляе таксама лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Чаму фэдэрацыя ці яе прадстаўнікі робяць такія заявы? А што застаецца рабіць, калі ўжо здадзена ўсё, што можна. Тая ж сыстэма кантрактаў: не сакрэт ні для каго, што гэта сучаснае прыгоннае права. Што, фэдэрацыя пратэставала? Ці яна не разумее, што гэта выключнае парушэньне правоў працоўных? Улады Беларусі ўвогуле сумелі рэкорд паставіць, бо яшчэ ніводнай краіне не ўдавалася цягам пяці гадоў тройчы патрапіць у спэцпараграф, які ёсьць найбольш жорсткай працэдурай, прадугледжанай статутам МАП”.

З ініцыятывы Міжнароднага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Міжнародная арганізацыя працы ўжывала да Беларусі адмысловы параграф, што зьяўляецца адной з самых жорсткіх і надзвычайных мераў пакараньня, прадугледжаных статутам арганізацыі. У Беларусі працавала адмысловая камісія МАП, якая прызнала сапраўднымі факты парушэньня правоў незалежнага прафсаюзнага руху паводле 12 пунктаў. Да 1 чэрвеня 2005 году парушэньні мусілі быць выпраўленыя, аднак гэта зроблена не было. Паводле разгляду вынікаў працы беларускага ўраду ў гэтым кірунку, Міжнародная арганізацыя працы пакінула адмысловы параграф па Беларусі бязь зьменаў. Таксама ў зьвязку з парушэньнем правоў прафсаюзаў уладамі Беларусі Эўразьвяз заявіў пра магчымую адмену гандлёвых прэфэрэнцыяў у гандлі Беларусі з краінамі Эўразьвязу. Для Беларусі гэта азначае эканамічныя страты на 250 мільёнаў эўра штогод.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG