Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары заяўляюць, што 100,000 чалавек запалілі сьвечкі салідарнасьці


Алег Грузьдзіловіч, Менск Да 100 тысяч грамадзянаў краіны бралі ўдзел у першым Дні беларускай салідарнасьці 16 кастрычніка. Гэтую лічбу называюць ініцыятары акцыі, якія спадзяюцца, што празь месяц удзельнікаў акцыі будзе яшчэ больш.

Ірына Халіп і Мікіта Сасім, ініцыятары Дзён беларускай салідарнасьці ў 16-ты дзень кожнага месяца, падсумавалі вынікі першай акцыі на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася ў офісе грамадзкай арганізацыі “Хартыя-97”. “Мы лічым, што ініцыятыва падтрыманая і з кожным месяцам акцыя будзе пашырацца”, — заявіў актывіст руху “Зубр” Мікіта Сасім.

(Сасім: ) “Паводле нашых ацэнак, у акцыі узялі ўдзел як мінімум сто тысяч чалавек. Акцыя прайшла ў дзясятках гарадоў Беларусі — Менску, Барысаве, Віцебску, Маладэчне, Баранавічах, Бялынічах, Вялейцы і многіх іншых гарадах. Акрамя гэтага, акцыю падтрымалі ў дзесяці краінах сьвету. Яшчэ раз падкрэсьлю, што гэта толькі тая інфармацыя, якую мы дакладна ведаем. Хутчэй за ўсё, рэальная колькасьць удзельнікаў нашмат большая”.

Мікіта Сасім лічыць, што патэнцыйных прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў — большасьць, аднак гэтыя людзі разрозьненыя і не адчуваюць сваёй перавагі. Затое там, дзе яе ўдалося прадэманстраваць, вынікам ёсьць адступленьне прыхільнікаў рэжыму. Мікіта Сасім прывёў, як прыклад, шматпавярховы дом у менскім мікрараёне Сухарава, дзе чвэрць жыхароў запалілі сьвечкі, а яшчэ столькі ж у 20 гадзінаў вечара выключылі на пятнаццаць хвілінаў сьвятло. Паводле Мікіты Сасіма, міліцыянты спрабавалі запалохаць жыхароў гэтага дому, але ніхто на пагрозы не паддаўся. Сакрэт актыўнасьці гэтага дому актывіст руху “Зубр” патлумачыў тым, што напярэдадні ва ўсе яго кватэры наведаліся актывісты “Зубра” і патлумачылі мэты акцыі.

Але такіх дамоў было ўсё ж мала, прызналі ініцыятары акцыі. Цяпер яны думаюць, як дайсьці да кожнага беларуса. Журналістка Ірына Халіп кажа пра пачуцьцё годнасьці, да якога яна зьбіраецца апэляваць у сваіх закліках.

(Халіп: ) “Калісьці мой бацька патлумачыў мне пра чалавечую годнасьць. Я казала яму, што чалавек, якому страшна, можа нават забыцца, што ён чалавек. Але бацька сказаў, што чалавечая годнасьць — як трава. Яна можа прарасьці праз камень і раскрышыць яго. І тады ад жаданьня стаць вольным нікуды не падзецца, яно можа толькі ажыцьцявіцца”.

Мікіта Сасім нагадаў, што празь месяц, 16 лістапада, вернікі будуць адзначаць Дзень Маці Божай Вастрабрамскай. Мікіта лічыць удалым, што наступны Дзень беларускай салідарнасьці выпадае менавіта на гэта сьвята.

На пытаньне пра магчымы ціск з боку ўладаў на ініцыятараў Дзён беларускай салідарнасьці Мікіта Сасім прывёў наступныя факты. За тыдзень да акцыі яго спрабавалі завэрбаваць людзі, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ. Ад гэтага супрацоўніцтва актывіст “Зубра” адмовіўся. У час правядзеньня акцыі ў Мікіты Сасіма і некаторых актывістаў “Зубра” адключылі мабільныя тэлефоны.
XS
SM
MD
LG