Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вірус птушынага грыпу выяўлены і ў Грэцыі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Грэцыя стала яшчэ адной краінай, якая абвясьціла, што выявіла на сваёй тэрыторыі вірус птушынага грыпу. Раней выпадкі птушынага грыпу былі пацьверджаныя Румыніяй і Турэччынай. Тым часам, Усясьветная арганізацыя аховы здароўя і адпаведнае агенцтва ААН папярэдзілі пра магчымасьць захворваньня птушак і ў іншых рэгіёнах Эўропы.

Вірус птушынага грыпу ў Грэцыі быў выяўлены ў панядзелак на фэрме ў гадоўлі індыкоў на невялічкай высьпе ў Эгейскім моры, недалёка ад турэцкага ўзьбярэжжа.

Грэцыя ўзгадніла сытуацыю з Эўразьвязам і спыніла экспарт жывых птушак, мяса хатняй птушкі і прадуктаў перапрацоўкі з усіх найбліжэйшых выспаў Эгейскага мора. Пробы мяса ўжо дасланыя ў брытанскую лябараторыю, навукоўцы дасьледуюць, ці сапраўды гэта той самы сьмяротны вірус, які за два апошнія гады забіў у Азіі болей як 60 чалавек.

Менавіта вірус Н5N1 раней быў ідэнтыфікаваны сярод птушак у Турэччыне, Румыніі, Расеі. Тэсты таксама робяцца ў Баўгарыі і Харватыі. А Босьнія паведаміла, што яна не знайшла ніякага вірусу ў трох мёртвых куранят.

Сёньня міністры замежных спраў Эўрапейскага Зьвязу абмяркоўваюць захады, якія трэба зрабіць, каб запабегчы, як яны выказаліся, глябальнай пагрозы. Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Джэк Стро заявіў:

(Стро: ) “Робяцца вялікія намаганьні дзеля таго, каб дапамагчы Грэцыі, Румыніі, Турэччыне, Расеі і іншым краінам, у якіх быў выяўлены вірус. Самае важнае – забясьпечыць прыняцьце адэкватных захадаў, якія папярэдзілі б перанос інфэкцыі на людзей”.

Тым часам, яшчэ адно афіцыйнае паведамленьне зрабіла Румынія. У дэльце Дунаю на мяжы з Украінай правяраюцца лебедзі. Існуе падазрэньне, што яны маюць вірус птушынага грыпу.

Міністар сельскай гаспадаркі Румыніі Георг Флятэр паведаміў таксама, што ў чацьвер у Адэсе зьбяруцца прадстаўнікі Румыніі, Украіны і Малдовы, каб абмеркаваць рэгіянальную стратэгію, бо дэльта Дунаю зьяўляецца месцам транзыту пералётных птушак, якія, як мяркуецца, і пераносяць вірус. На думку навукоўцаў, гэты вірус можа відазьмяніцца і набыць форму, небясьпечную для жыцьця чалавека.

Тады пандэмія стане зусім верагоднай. І міжнародныя чыноўнікі ў ахове здароўя папярэджваюць, што трэба да яе быць гатовымі. На думку Дэвіда Набары, каардынатара ААН у гэтай праблеме, чалавецтву патрабуецца ад шасьці месяцаў да году, каб падрыхтавацца да пандэміі.

Тым часам, беларускія вэтэрынарныя службы робяць захады, каб не дапусьціць на тэрыторыю Беларусі віруса птушынага грыпу. Так, паводле БелаПАН, яшчэ 3 жніўня была ўведзена забарона на ўвоз з Расеі жывой птушкі, курынага мяса, яек і прадуктаў перапрацоўкі. А ад 10 кастрычніка ў Беларусь забаронены ўвоз прадукцыі птушкагадоўлі з Турэччыны, Ірану і Румыніі.
XS
SM
MD
LG