Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч распачаў галадоўку за кратамі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч пачаў галадаць за кратамі ў сьледчым ізалятары гарадзенскай турмы. Пра гэта стала вядома сёньня, калі ў ягонага бацькі Мікалая Аўтуховіча і юрыста Андрэя Кухцюка ня ўзялі прадукты для арыштаванага, паколькі ён адмовіўся ад ежы.

Андрэй Кухцюк паведаміў, што яны з бацькам прадпрымальніка, якога таксама зваць Мікалаем, змаглі перадаць арыштаванаму толькі адзеньне. Каўбасу, печыва ды іншую ежу ў іх ня ўзялі, сказаўшы, што прадпрымальнік абвясьціў галадоўку.

Ня сталі браць і тэлевізар, патлумачыўшы, што ўсё адно не дадуць яго вязьню, пакуль ён ня скончыць галадаць.

Мікалай Аўтуховіч выказвае свой пратэст, паколькі супраць яго завялі крымінальную справу, прад’явілі абвінавачаньне і адразу арыштавалі, папярэдзіўшы, што да самага суду будуць трымаць у сьледчым ізалятары, дзе ён знаходзіцца ўжо чатыры дні.

Сёлета – гэта трэцяя галадоўка прадпрымальніка.

Аўтуховіча абвінавачваюць паводле другой часткі артыкула 243 крымінальнага кодэксу — ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Гэтым артыкулам прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці альбо безь яе.

***

Мікалай Аўтуховіч за два гады правёў тры галадоўкі пратэсту, двойчы яго падтрымалі кіроўцы таксовак, таму акцыі рабіліся масавымі. Першая галадоўка адбылася ў кастрычніку 2003 году, другая — увесну сёлета, апошняя — пры канцы верасьня. Прадпрымальнік пратэставаў супраць штрафных санкцыяў, накладзеных падатковай службай, а два гады таму і супраць арышту таксовак, якія яму належаць. Спадар Аўтуховіч таксама змагаўся за скасаваньне штрафных санкцыяў, якія дасягнулі амаль мільёну даляраў, у судах. Пры канцы верасьня Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду пастанавіў накіраваць справу прадпрымальніка на новы разгляд, і ён спыніў галадоўку. Аднак цяпер супраць яго распачалі крымінальную справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG