Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Да чаго дадумаўся полацкі ювэлір XVII стагодзьдзя...


Вінцэсь Мудроў, Полацак Практычна штогод у Полацку ладзяцца археалягічныя раскопкі. Сёлета археолягі завіхаюцца ў самым цэнтры старажытнага места, поруч з пляцам Свабоды. Тут бліжэйшым часам будзе ўзьведзены будынак мясцовага аддзяленьня Белдзяржстраху, а перад тым, як на аб’ект прыйдуць будаўнікі, на гэтым месцы гаспадараць археолягі – студэнты гісторыка-філялягічнага факультэту мясцовага ўнівэрсытэту.

Агульная плошча раскопу складае 200 квадратных мэтраў. Гэта тэрыторыя колішняга Вялікага пасаду, самага значнага і самага буйнога пасаду старажытнага Полацку. Тут свайго часу жылі рамесьнікі, гандляры, заможныя месьцічы, а таксама шляхта. Карацей, мясьціна для археалягічных знаходак вельмі пэрспэктыўная.

І пэрспэктывы спраўдзіліся напоўніцу. Раскапаўшы верхні культурны пласт, археолягі адразу ж натыкнуліся на рэшткі ювэлірнай майстэрні XVII стагодзьдзя. Распавядае кіраўнік раскопак, загадчык катэдры гісторыі і сацыялёгіі Полацкага дзяржунівэрсытэту Дзяніс Дук:

(Дук:) “Мы раскапалі сядзібу ювэліра XVII стагодзьдзя і выявілі вельмі шмат цікавых рэчаў. Вось літаральна ўчора быў выяўлены, магчыма, ключ да разгадкі гэтага археалягічнага комплексу – адбітак пячаткі ювэліра альбо пячаткі цэху. Гэта значыць, што можна па гэтай выяве рэканструяваць – як выглядаў, скажам, герб цэху злотнікаў альбо герб таго майстра-ювэліра, які тут працаваў”.

Былі знойдзеныя і самі ювэлірныя вырабы былі знойдзеныя, прычым у самым шырокім асартымэнце. Паводле сьведчаньня археолягаў, ювэлір, праўдападобна, выдаваў свае вырабы за залатыя, хоць яны былі зробленыя зь іншага мэталу. Так што штукарства падробкі, як бачым, квітнела і ў XVII стагодзьдзі. Слова – Дзянісу Дуку.

(Дук:) “Асартымэнт знаходак самы разнастайны. Знойдзеныя дэталі адзеньня, упрыгожаньні, набойкі, накладкі. Але, што найбольш цікавае - гэта той мэтал, зь якога яны зробленыя. За стагодзьдзі, а гэта 400 гадоў, яны ня толькі не згубілі свайго бляску, але й цалкам падобныя на залатыя. Калі мы правялі хімічны аналіз, дык высьветлілася, што гэта сплаў медзі зь невялікім дадаткам срэбра. Факт адметны, бо, па-першае, такога сплаву дагэтуль у Полацку не зафіксавана, а па-другое, можна сказаць, што ювэлір, які тут працаваў у XVII стагодзьдзі, магчыма, адмыслова вынайшаў такі сплаў каб імітаваць залатыя вырабы”.

Праўда, XVII стагодзьдзе для старажытнага Полацку – не такі й далёкі час. І ў культурным пласьце ХІІ стагодзьдзя таксама было знойдзена шмат цікавага і адметнага.

(Дук:) “Што тычыцца самых старажытных знаходак, мы знайшлі цэлую калекцыю пацерак, некаторыя зь іх былі прывезеныя зь Бізантыі. Цікавая знаходка – пісала. Гэта ўнікальная рэч, знойдзеная ў Полацку ўпершыню і, у прынцыпе, у Беларусі такіх знаходак вельмі няшмат. Тым больш, яна адметная сваёй гравіроўкай. І тут жа была знойдзеная засьцежка ад кнігі, то бок, чалавек ня толькі мог пісаць, але й карыстаўся кнігамі і быў, відавочна, багатым, бо ня кожны мог сабе гэта дазволіць. Таксама цікавы асартымэнт бронзавых вырабаў, ужо старажытных: гэта і бранзалеты, і рознага кшталту арнамэнтальныя накладкі… Цікавая калекцыя шкляных пацерак. Усе гэтыя знаходкі, думаю, папоўняць музэі гораду”.

У якасьці рэмаркі заўважу, што згаданае пісала датуецца ХІІ стагодзьдзем і ўяўляе сабою мэталёвы стрыжань памерам з асадку. Зь яго дапамогай палачане вучылі сваіх дзяцей пісаць: пісалі зазвычай на наваскаванай дошцы. Бліжэйшым часам старажытная пісьмовая прылада папоўніць экспазыцыю Музэю беларускага кнігадрукаваньня.
XS
SM
MD
LG