Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Gazeta Wyborcza”: Беларускае тэлебачаньне падманвае гледачоў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Gazeta Wyborcza” піша сёньня, што беларускае тэлебачаньне падманвае сваіх гледачоў, калі падае інфармацыю аб тым, што дзед лідэра прэзыдэнцкай гонкі ў Польшчы Дональда Туска – Юзэф Туск браў удзел у масавых расстрэлах у часе ІІ Усясьветнай вайны.

“Gazeta Wyborcza” піша, што ў праграме “Контуры” беларускае тэлебачаньне паведаміла, што Юзэф Туск браў удзел у масавых расстрэлах у часе ІІ Усясьветнай вайны, а ягоны ўнук Дональд адмовіўся адказваць на пытаньні журналістаў пра ролю свайго дзеда ў расстрэлах.

“Ня першы раз беларускія мэдыі падманваюць гледачоў што да падзеяў у Польшчы. Раней, прыкладам, паведамлялася пра фальсыфікацыі ў часе парлямэнцкіх выбараў”, - адзначае “Wyborcza”.

Між тым, што да парлямэнцкіх выбараў, дык фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня практычна немагчымыя, бо ў склад участковых камісіяў уваходзяць прадстаўнікі партыяў, якія бяруць удзел у выбарах – у такой сытуацыі цяжка ўявіць, каб сябры камісіі пагадзілася на фальсыфікацыі на карысьць сваіх палітычных канкурэнтаў. Што да дзеда Дональда Туска, дык яго забралі ў Вэрмахт пад пагрозай расстрэлу, як і тысячы іншых палякаў у жніўні 1944 году. Юзэф Туск цягам двух месяцаў у запасным батальёне капаў акопы, але ўжо напрыканцы 44-га ваяваў супраць гітлераўцаў у складзе польскіх войскаў на заходнім фронце.

Адметна, што Яцэк Курскі – адзін з кіраўнікоў штабу канкурэнта Дональда Туска – Леха Качыньскага, які распаўсюдзіў непраўдзівую інфармацыю аб тым што Юзэф Туск пайшоў у Вэрмахт добраахвотна, быў за гэта, нягледзячы на свае прабачэньні, ня толькі тэрмінова зьняты са сваёй пасады, але і выключаны з партыі Леха Качыньскага “Закон і справядлівасьць”.
XS
SM
MD
LG