Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 гадоў таму на ініцыятыву Апазыцыі БНФ быў прыняты "Закон аб грамадзянстве"


Іна Студзінская, Менск Адным з этапаў станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці можна лічыць 18 кастрычніка 1992 года, калі Вярхоўны Савет Беларусі 12 скліканьня прыняў “Закон аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”. Наагул, другая сэсія Вярхоўнага Савету 12 скліканьня вельмі грунтоўна рыхтавалася менавіта апазыцыяй Беларускага Народнага Фронту. Тады распрацоўваўся цэлы пакет законапраектаў, якія павінны былі замацаваць сувэрэнітэт краіны – Законы аб грамадзянстве, аб адукацыі, аб рэфэрэндуме.

Кіраўніком рабочай групы па распрацоўцы Закону аб грамадзянстве быў прызначаны Лявон Баршчэўскі. Адначасна такі ж закон распрацоўвала і адна з камісіяў Вярхоўнага Савету. Але праект, распрацаваны сталай камісіяй, быў, па сутнасьці, трансфармацыяй БССРаўскага – застаецца савецкае грамадзянства… Фракцыя апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце распрацоўвала закон для сувэрэннай краіны. Паводле прызнаньня кіраўніка рабочай групы Лявона Баршчэўскага, калі б не тыя пасьляпутчаўскія часы, гэта наўрад ці ўдалося б зрабіць…

І тое, што менавіта ўзор першага Закону аб грамадзянстве 1991 году ўзяты за аснову цяперашняга дзеючага Закону аб грамадзянстве 2002 года, сьведчыць пра яго дасканаласьць і высокі прафэсійны ўзровень.

(Баршчэўскі: ) “Самая галоўная вартасьць нашага закону, што мы адразу паставілі заслон двайному грамадзянству, разумеючы, што ў выпадку развалу Саюзу гэта будзе моцны кручок над нашым сувэрэнітэтам. Менавіта ў сытуацыі з Беларусьсю гэта было вельмі небясьпечна. І тое, што ўдалося гэта зрабіць, у значнай ступені і абараніла наш сувэрэнітэт, і па сёньня абараняе. Бо нават Лукашэнка не ідзе на галоўную зьмену ў гэтым законе. Дзе ёсьць пэўны крызыс нацыянальнай самасьвядомасьці, менавіта гэтая норма бароніць сувэрэнітэт краіны”.

Варта, аднак, дадаць, што новы Закон, прыняты некалькі гадоў таму, хаця і не прызнае, але і не забараняе падвоенага грамадзянства. Аднак, верагодна, на гэтым этапе такая норма ўжо ня ўтрымлівае той пагрозы, якая, як прыгадаў Баршўчэўскі, існавала 14 гадоў таму. Распрацоўшчык папярэдняга закону Лявон Баршчэўскі адзначае перш за ўсё больш спрошчаную працэдуру атрыманьня грамадзянства замежнікамі.

(Баршэўскі: ) “Дэмакратычнае атрыманьне грамадзянства. Яно было больш дэмакратычным, чым у прыбалтыйскіх краінах. Веданьне дзяржаўнай мовы патрабавалася, але ніякіх спэцыяльных экзамэнаў не ўводзілася. Таксама час натуралізацыі памяркоўны – 5 гадоў у параўнаньні з заходнімі краінамі, дзе 7-8 гадоў. Я лічу, што гэта быў вельмі ўдалы законапраект”.

Магчыма, з-за таго, што закон лібэральны, Беларусь даволі прывабная для грамадзян іншых краінаў, асабліва Расеі, сярэднеазіяцкіх рэспублік. Дарэчы, максымальнае станоўчае сальда міграцыі было ў 1992 годзе. У 2004 годзе яно склала 8,3 тысячы чалавек.

У большасьці краінаў сьвету няма ніякага адмежаваньня на набыцьцё нерухомасьці паводле грамадзянства. У Беларусі – сытуацыя ўнікальная. Нерухомасьць могуць набываць ня толькі грамадзяне Беларусі, але і таксама грамадзяне Расеі. Напрыклад, прадстаўнікі беларускай дыяспары з ЗША ці Канады, калі б пажадалі, не маглі б набыць кватэру ў Менску – у той час як кожны жыхар Масквы можа гэта зрабіць.

(Леўшуноў: ) “Мне здаецца, што Закон улічваў беларускую спэцыфіку, беларускую мэнтальнасьць. Прыняцьця гэтага Закону дамагалася апазыцыя БНФ, перш за ўсё як крок у будаўніцтве беларускай дзяржавы. Гэта быў вынік намаганьняў апазыцыі. А з другога боку, ён засьведчваў тыя адчуваньні, тыя думкі аб грамадзянстве беларускім, якія існавалі ў большасьці парлямэнтароў. Ён адыграў сваю ролю, і станоўчую ролю ў будаўніцтве беларускай дзяржавы”.

У гісторыі дзяржавы, здаецца, былі і даволі дзіўныя моманты. Пасьля рэфэрэндуму 1996 году кіраўніком зьнешнепалітычнага ведамства быў прызначаны Іван Антановіч, на той момант грамадзяніні Раесі (але дагэтуль ён даволі доўга ачольваў аддзел культуры ЦК КПБ), Леанід Ерын быў старшынём КГБ, на момант прызначэньня на пасаду ён меў расейскае грамадзянства.

Мы ведаем прыклады, калі грамадзянін ЗША Адамкус быў абраны Прэзыдэнтам Літвы, а грамадзянка Канады – прэзыдэнтам Латвіі. Але і Адамкус, і Віке-Фрэйберга прынялі, адпаведна, літоўскае і латыскае грамадзянства. Наконт міністра замежных справаў Беларусі і старшыні КГБ такіх зьвестак няма… Праўда, абодва ўражэнцы Беларусі. Вось што на гэты конт кажа стваральнік першага Закону аб грамадзянстве Лявон Баршчэўскі.

(Баршчэўскі: ) “Гэта ненармальная зьява, але гэта рэгуляваў Закон аб службе ў дзяржаўным апараце. Гэты закон таксама быў прыняты за нашым часам, ён не дапускаў такога. Але потым настаў час ўказаў і зьмен за лукашэнкаўскім часам. І гэтая сьмешная, нават нелягічная сытуацыя мела месца”.
XS
SM
MD
LG