Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расул Гуліеў затрыманы па дарозе ў Баку


СІМФЭРОПАЛЬ. Лідэр апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі Азэрбайджану Расул Гуліеў быў затрыманы сёньня ў Сімфэропалі – па дарозе ў Баку, куды ён вырашыў вярнуцца з ЗША для ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах. У Сімфэропалі Гуліева даставілі ў аддзяленьне міліцыі.

Начальнік аддзяленьня сімфэропальскай міліцыі Андрэй Іванцоў паведаміў карэспандэнту нашага радыё: “Ён ня быў затрыманы, яму абмежавалі перамяшчэньне па тэрыторыі Ўкраіны ў сувязі з тым, што ён знаходзіцца ў вышуку Інтэрполу з ініцыятывы Азэрбайджану”.

Улады Азэрбайджану вінавацяць Гуліева ў раскраданьні дзяржаўных сродкаў, сам Гуліеў лічыць гэтыя вінавачаньні палітычна матываванымі.

Расул Гуліеў ачольваў азэрбайджанскі парлямэнт з 1993 да 1996 году і падаў у адстаўку праз рознагалосьсі з тагачасным прэзыдэнтам Азэрбайджану Гейдарам Аліевым. Апошнія 9 гадоў Гуліеў правёў у палітычнай эміграцыі ў ЗША. У часе перабываньня ў эміграцыі Расул Гуліеў быў абраны старшынём Дэмакратычнай партыі Азэрбайджану.

Сёньня ў Баку былі затрыманыя каля тысячы актывістаў, якія зьбіраліся сустрэць на лётнішчы лідэра Дэмакратычнай партыі Расула Гуліева.
XS
SM
MD
LG