Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Леванеўскі пераведзены ў турэмны шпіталь


Алег Грузьдзіловіч, Менск Валер Леванеўскі пераведзены з Івацэвіцкай калёніі ў Рэспубліканскі турэмны шпіталь. Паводле сваякоў вязьня, хвароба сэрца ў Леванеўскага абвастрылася пасьля галадовак на знак пратэсту супраць парушэньняў яго правоў.

Валера Леванеўскага накіравалі з Івацэвіцкай калёніі ў Рэспубліканскі турэмны шпіталь, які знаходзіцца ў Менску на тэрыторыі першай калёніі. Паводле сына Леванеўскага Ўладзімера, гэта тлумачыцца станам здароўя вязьня.

(Уладзімер Леванеўскі: ) "У яго пачалі балець сэрца і сьпіна, а ён ня ведае, чаму. Вырашыў падлячыцца і адначасова абсьледавацца".

У Івацэвіцкай калёніі пацьвердзілі, што Леванеўскі з чарговым этапам адбыў у Менск, але ў менскай калёніі зьвестак пры вязьня не даюць. Спасылаюцца на службовую інструкцыю, паводле якой па такую інфармацыю трэба зьвяртацца зь пісьмовым запытам.

Сваякі Леванеўскага не выключаюць, што шлях да шпіталя зойме некалькі дзён, і Валер Леванеўскі можа яшчэ знаходзіцца ў Баранавічах. У ізалятары гэтага гораду вязьняў зьбіраюць, каб вялікімі групамі накіраваць ў іншыя месцы. Напачатку году на шляху з Магілёўскай калёніі ў Івацэвіцкую Валер Леванеўскі ўжо правёў у Баранавіцкім ізалятары некалькі дзён. Пазьней ён пісаў сваякам пра дрэнныя ўмовы ўтрыманьня ў гэтым ізалятары. У прыватнасьці пра тое, што вязьні не атрымлівалі ад лекараў неабходнай мэдычнай дапамогі.

Валер Леванеўскі за паўтара года няволі чатыры разы трымаў галадоўкі. Гэтым ён дамагаўся паляпшэньня ўмоваў утрыманьня і разгляду сваіх скаргаў. Самая працяглая з галадовак Леванеўскага цягнулася амаль тры тыдні. Пасьля апошняй галадоўкі Валер Леванеўскі патрапіў у мэдычную частку калёніі, дзе яму паставілі дыягназ “арытмія сэрца”.

***

Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі быў асуджаны на два гады зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. Гэта суд убачыў ва ўлётцы, якую Леванеўскі распаўсюдзіў напярэдадні мітынгу прадпрымальнікаў. Ва ўлётцы было напісана: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў адпачываць у Аўстрыю, катацца на лыжах, жыць ў сваё задавальненьне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG