Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці і сына Веранікі Чаркасавай выклікаюць у пракуратуру


Ганна Соусь, Менск Маці забітай год таму журналісткі Веранікі Чаркасавай Дыяну Чаркасаву і сына Веранікі Антона Філімонава 18 кастрычніка выклікаюць у менскую пракуратуру.

Як вынікае з павестак, атрыманых пры канцы мінулага тыдня, ім трэба зьявіцца з пашпартамі да начальніка сьледчага аддзелу ў найважнейшых справах пракуратуры Менску Віктара Фешчанкі, паведамляе прэсавая служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Ужо год ідзе сьледзтва ў справе забойства Веранікі Чаркасавай, але яно дагэтуль не прынесла канкрэтнага выніку. Апошняя інфармацыя, што публічна прагучала на гэты конт ад прадстаўнікоў Пракуратуры Беларусі –па справе працягваецца "актыўная апэратыўна-сьледчая праца", і што пракуратура "правярае" каля 10 вэрсій гэтага забойства. Пра гэта 23 чэрвеня на прэсавай канфэрэнцыі заявіў намесьнік Генэральнага пракурора Беларусі Віктар Прус, працягваючы тэрмін сьледзтва па гэтай справе.

Пры канцы жніўня гэты тэрмін быў працягнуты чарговы раз. Ніякай інфармацыі пра ход сьледзтва сям’я Веранікі ўвесь гэты час не атрымлівала.

Журналістка недзяржаўнай газэты "Салідарнасьць" Вераніка Чаркасава была забітая 20 кастрычніка 2004 году ў сваёй кватэры ў Менску.
XS
SM
MD
LG