Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Улады ўжо зьліквідавалі 2 пратэстанцкія царквы і хочуць зьнішчыць нашу"


Любоў Лунёва, Менск Вернікі пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” пачалі абскарджваць дзеяньні Менгарвыканкаму ў Гаспадарчым судзе Менску. Яны намагаюцца праз суд адмяніць рашэньне гарадзкіх уладаў аб пераводзе храма вернікаў з прыватнай уласнасьці ў дзяржаўную.

Сёньня пастар і адміністратар царквы “Новае жыцьцё” наведалі Менскі гаспадарчы суд. На сустрэчы з прадстаўнікамі Менгарвыканкаму яны пацьвердзілі сваю нязгоду з рашэньнем чыноўнікаў аб перадачы у дзяржаўную ўласнасьць будынку, які належыць царкве.

Пратэстанты набылі пад храм былы калгасны кароўнік на ўскрайку гораду ў 2002 годзе і самі яго адрамантавалі. Там праводзяцца набажэнствы, а ў нядзелю туды прыходзяць на заняткі дзеці вернікаў.

Праблемы з гарадзкімі ўладамі пачаліся пасьля прыняцьця новай рэдакцыі Закону аб рэлігіях. Потым і новы адміністрацыйны кодэкс даў падставы прыцягваць вернікаў да адміністрацыйнай адказнасьці за правядзеньне набажэнства без дазволу ўладаў.

У жніўні Менгарвыканкам пазбавіў царкву зямельнага надзелу і пачаў працэдуру пераводу будынку ў дзяржаўную ўласнасьць. Чыноўнікі матывавалі гэта тым, што будынак выкарыстоўваецца не па прызначэньні. Яны настойваюць на тым, што там мусіць быць кароўнік. Але адразу папярэджваюць, што кароваў у межах гораду трымаць таксама нельга. Паколькі царква не мае магчымасьці скарыстаць адрас будынку для рэгістрацыі ў Мін''юсце, яе могуць ліквідаваць.

Адміністратара царквы Васіля Юрэвіча тройчы судзілі за арганізацыю набажэнства без санкцыі ўладаў. Яго аштрафавалі на 6 000 даляраў. Васіль Юрэвіч упэўнены, што галоўнай мэтай уладаў зьяўляецца ліквідацыя пратэстанцкай царквы, якая налічвае больш за тысячу вернікаў.

(Юрэвіч: ) “Я лічу, што праблема не ў самім будынку, а ў палітыцы, якую праводзіць улада. Насамрэч, улады ўжо зьліквідавалі дзьве пратэстанцкія царквы і хоча зьнішчыць і нашу. Усе гэтыя суды, пратаколы сьведчаць аб тым, што ўлады імкнуцца стварыць нам імідж нейкіх злачынцаў. Што тычыцца нашага будынку, то мы яго не аддамо. Я лічу, што дзеяньні гарадзкіх чыноўнікаў абсалютна незаконныя. У цывілізаваных краінах гэта нонсэнс, каб адабраць прыватны будынак у царквы і перадаць яго дзяржаве.”

Нягледзячы на судовы перасьлед, вернікі наладзілі штодзённыя дзяжурствы ў храме. Яны не пакідаюць свой будынак, каб яго не захапілі ў іх адсутнасьць. Калі суд прыме рашэньне аб пераводзе будынку з уласнай у дзяржаўную маёмасьць, судовыя выканаўцы забяруць яго гвалтоўным чынам.



XS
SM
MD
LG