Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Хэльсынскі камітэт зноў патрапіў пад прыцэл уладаў


Міхал Стэльмак, Менск Вышэйшы Гаспадарчы суд Беларусі мае намер перагледзець свой вырак адносна Беларускага Хэльсынскага камітэту, зьвязаны з падатковымі прэтэнзіямі да праваабарончай арганізацыі.

Беларускі Хэльсынскі камітэт атрымаў ліст з Вышэйшага Гаспадарчага суду 14 кастрычніка. Як паведаміў намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла, у ім ад імя першага намесьніка старшыні суда Яўгена Сьмірнова заяўлены пратэст на ранейшыя судовыя рашэньні, датычныя спрэчкі гэтай арганізацыі з падатковай інспэкцыяй Маскоўскага раёну Менску:

(Паганяйла: ) “Ставіцца пытаньне пра адмену ўсіх рашэньняў, якія адбыліся па гэтай справе, і з улікам таго, што справа разгледжана поўна, доказы прадстаўлены поўна, але ацэненыя няправільна, просіць прэзыдыюм Вышэйшага Гаспадарчага суду прыняць новае рашэньне”.

Паводле спадара Паганяйлы, з гэтага ліста вынікае, што Вышэйшы Гаспадарчы суд зьбіраецца стаць на бок падатковай інспэкцыі Маскоўскага раёну.

Між тым, 1 чэрвеня сёлетняга году гэты ж суд вынес процілеглы вырак.

Суд прызнаў неабгрунтаваннымі фінансавыя прэтэнзіі падатковай інспэкцыі ў спрэчцы з праваабарончай арганізацыяй. Нагадаю, гэтыя прэтэнзіі ўзьніклі два гады таму, калі падатковая інспэкцыя прызнала неабходным сплату падаткаў з грантаў Эўразьвязу, якія БХК атрымаў на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Паводле ж міжнароднага заканадаўства, гуманітарная дапамога не абкладаецца падаткамі. Як прызнаў тады Вышэйшы Гаспадарчы суд, Беларусь не павінна ігнараваць міжнародныя парадкі і дамоўленасьці.

І вось – нечаканы паварот у справе, якая, здавалася, стала гісторыяй. Што спрычынілася да яго, у Вышэйшым Гаспадарчым судзе не тлумачаць. У прыватнасьці, прэсавы сакратар суду Павал Чарамісін спаслаўся на адсутнасьць на працы першага намесьніка старшыні Яўгена Сьмірнова, які падпісваў ліст.

Меркаваньне на гэты конт Гары Паганяйлы:

(Паганяйла: ) “Была дадзена каманда. Гэта выразнае палітычна матываванае дзеяньне. З нас неабходна спагнаць вялізныя падаткі. Відаць, каля 100 тысяч даляраў. У нас апішуць рахункі, маёмасьць, забяруць яе. Арганізацыя будзе пахаваная”.

На яго думку, пляны зьнішчэньня апошняй у краіне легальнай праваабарончай арганізацыі выкліканыя падрыхтоўкай уладаў да прэзыдэнцкіх выбараў.
XS
SM
MD
LG