Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

17 кастрычніка 1588 году пачаў дзейнічаць Статут ВКЛ


RFE/RL Каляндар Свабоды – 16 і 17 кастрычніка. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 17 кастрычніка.

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

Дзень 16 кастрычніка ўвайшоў у гісторыю сьвету гучнымі рэлігійнымі вогнішчамі ды палітычнымі пакараньнямі. У 1555 годзе ў Оксфардзе за ерась былі спаленыя на вогнішчы ангельскія пратэстанцкія біскупы Х''ю Лятымэр і Нікалас Рыдлі.

У 1793 годзе пасьля прысуду рэвалюцыйнага трыбуналу загінула на гільятыне француская каралева Марыя Антуанэта.

У 1946 годзе на прысуд міжнароднага Нюрнбэрскага ваеннага трыбуналу былі павешаныя дзесяць фашыстоўскіх лідэраў – злачынцаў супраць чалавечнасьці. Сярод іх былі тыя, што ўвайшлі і ў беларускую гісторыю – Розэнбэрг і Рыбэнтроп, той самы міністар замежных справаў Нямеччыны, які перад вайной падпісаў дамову з сваім савецкім калегам Молатавым.

16 кастрычніка ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі мастак Барыс Забораў, які жыве ў Парыжы, і беларускі паэт Сяржук Сокалаў-Воюш, які працяглы час працаваў на Радыё Свабода, а цяпер жыве ў ЗША.

А яшчэ ў гэты дзень нарадзіліся англамоўны пісьменьнік, ірляндзец з паходжаньня Оскар Ўайлд, брытанскі дзяржаўны дзяяч Остын Чэмбэрлен, першы прэм''ер Ізраіля Давід Бэн-Гурыён і два пісьменьнікі-нобэлеўскія ляўрэаты: амэрыканец Юджын О''Ніл і немец Гюнтар Грас.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

17 кастрычніка 1588 году пачаў дзейнічаць Статут Вялікага Княства Літоўскага. Часам гісторыкі называюць яго першай эўрапейскай канстытуцыяй. Гэты кодэкс права на працягу 250 гадоў быў дзейным законам на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Ўкраіны і складаў аснову ўсёй прававой сыстэмы Вялікага Княства.

17 кастрычніка 1964 году ў Беларусі было адкрытае першае прамысловае радовішча нафты. Вучоныя кажуць, што калі б Беларусь цалкам жыла толькі за кошт свае нафты, дык выбрала б увесь запас за 30 гадоў.

17 кастрычніка 1696 году нарадзіўся Аўгуст ІІІ – вялікі князь літоўскі і кароль польскі, адзін з колішніх кіраўнікоў нашага краю. Праўда, Аўгуст ІІІ ня меў сваіх палітычных канцэпцыяў і таму кіравалі фаварыты. Цэнтральная ўлада амаль ня дзейнічала, а мясцовыя ўлады ў паветах праводзілі сваю самастойную палітыку. У выніку краіна ўсё больш трапляла ў залежнасьць ад Расеі. Калі ж Аўгуст ІІІ памёр у 1763 годзе, частка Беларусі ўжо была далучаная да Расейскай імпэрыі.
XS
SM
MD
LG