Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зацьверджаная структура перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата


Валер Каліноўскі, Менск 17 кастрычніка на паседжаньні Палітычнай рады дэмакратычных сіл пад старшынствам Аляксандра Мілінкевіча была зацьверджаная структура перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі на выбарах прэзыдэнта 2006 году. Акрамя таго ўсе палітычныя партыі-ўдзельнікі кааліцыі падалі сьпісы сваіх кандыдатаў на працу ў штабе.

Палітычная рада дэмакратычных сіл Беларусі сёньня зацьвердзіла арганізацыйную схему перадвыбарчага штаба адзінага кандыдата, якую прадставіў кіраўнік штабу Сяргей Калякін пасьля кансультацыяў з Аляксандрам Мілінкевічам і лідэрамі палітычных партыяў.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка лічыць гэта важным крокам у адбудове кампаніі апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах:

(Вячорка: ) “Такім чынам у нас ёсьць, так бы мовіць, законная падстава для далейшага фармаваньня штабу адзінага кандыдата. Гэта дастаткова звычайная арганізацыйная схема з падзелам на інфармацыйны кірунак, арганізацыйна-тэхнічны і камунікацыйны кірунак”.

Вінцук Вячорка паведаміў, што партыя БНФ прапанавала сьпіс сваіх прадстаўнікоў на ўсе пасады ў штабе адзінага кандыдата, гэтак жа зрабілі іншыя партыі. На гэтым тыдні кіраўніком штабу і адзіным кандыдатам будзе зроблены выбар з прапанаваных кандыдатур. Кіраўнік штабу Сяргей Калякін кажа, што ён мае права адзінаасобных кадравых рашэньняў, але аддае перавагу рашэньням праз кансультацыі.

(Калякін: ) “Адзіным крытэрам будзе здольнасьць выкананьня таго ці іншага кірунку найлепшым чынам. Ніякіх партыйных квот ці балянсаў ня будзе”.

Сяргей Калякін паведаміў, што частка прозьвішчаў супрацоўнікаў штаба будзе агучаная адразу, частка застанецца ў таямніцы. Перадвыбарчы штаб будзе гнуткім, ён будзе мадыфікавацца ў адпаведнасьці з арганізацыйнымі патрэбамі кампаніі ў той ці іншы момант.

Структура штабу прадугледжвае і мабілізацыйны кірунак – для арганізацыі актыўнага ўдзелу ў дэмакратычным руху, для збору подпісаў, галасаваньня, масавых дзеяньняў,– паведаміў Сяргей Калякін.

Аляксандар Бухвостаў мяркуе таксама важным лепей арганізаваць працу Палітычнай рады дэмакратычных сіл як базавай структуры кааліцыі.

(Бухвостаў: ) “Хацеў бы, каб Палітычная рада стала сапраўдным палітычным цэнтрам усёй дэмакратычнай апазыцыі, усіх дэмакратычных сіл”.

Паводле А. Бухвостава, цяпер выпрацоўваецца рэглямэнт дзейнасьці Палітрады, якая будзе мець свой сакратарыят.
XS
SM
MD
LG