Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўладкоўваць беларусаў за мяжой будзе пераважна БРСМ


Ігар Карней, Менск Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі абвясьціла юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія цягам бліжэйшых пяці гадоў маюць права працаўладкоўваць грамадзянаў Беларусі за межамі краіны. Ад былых паўсотні фірмаў у выніку засталіся толькі дзесяць. І нават з гэтай колькасьці бальшыню прадстаўляюць адгалінаваньні Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі (БРСМ).

Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі МУС падсумаваў вынікі перарэгістрацыі, абвешчанай паўгоду таму. Такім чынам, міністэрскае “сіта” прайшлі толькі 10 арганізацый і прадпрымальнікаў ад ранейшых 50.

Нагадаю, што ініцыятарам радыкальнай рэвізіі ў сфэры працаўладкаваньня выступіў Аляксандар Лукашэнка. Асноўным выканаўцам ягоных распараджэньняў стала Міністэрства ўнутраных справаў. Падчас справаздачы ў палаце прадстаўнікоў міністар Уладзімер Навумаў тлумачыў, што спрычынілася да працэдуры пераліцэнзаваньня фірмаў, якія займаліся працаўладкаваньнем беларусаў за мяжой.

(Навумаў: ) “Міністэрства ініцыявала і прыняла самы актыўны ўдзел ў распрацоўцы дзяржаўнай праграмы комплексных захадаў у супрацьдзеяньні гандлю людзьмі. Цягам 2000-2004 гадоў больш за паўтары сотні маладых жанчын, грамадзянак Беларусі, былі дэпартаваныя дадому зь іншых краінаў. Менавіта таму арганізацыя супрацьдзеяньня гандлю людзьмі, папярэджаньні іншых правапарушэньняў у сфэры нораваў зьяўляецца сёньня прыярытэтнай задачай. На іх рэалізацыі сканцэнтраваныя значныя сілы і сродкі органаў унутраных справаў”.

Сьпіс юрыдычных асобаў, якім цягам бліжэйшай “пяцігодкі” дазволена накіроўваць беларусаў за мяжу, пачынае БРСМ са сваімі філіямі ў абласных цэнтрах і ў сталіцы.

Пад другім нумарам пазначаны Моладзевы цэнтар “Штаб студэнцкіх атрадаў”, які мае непасрэднае дачыненьне да БРСМ і, насуперак лёгіцы, будзе куратарам не студэнцкіх атрадаў, а “базай” дзеля адпраўкі рабочых у Чэхію.

Бальшыня астатніх фірмаў заявілі, што арыентуюцца на будаўнічыя спэцыяльнасьці ў Расеі.

Аднак ёсьць і экзотыка: так, служба “Юнверс” праводзіць набор пэрсаналу для працы на амэрыканскіх круізных ляйнэрах. Фірма “Карал Круіз Сэрвіс” запрашае кіроўцаў і гандляроў у суседнюю Літву.

Як расказвае аршанец Віктар Дуброўка, які пасьпеў адпрацаваць у Партугаліі яшчэ да ўвядзеньня абмежавальных нормаў, з улікам такога пільнага стаўленьня замежныя фірмы апошнім часам насьцярожана ўспрымаюць беларускую працоўную сілу.

(Дуброўка: ) "Калі прыяжджаеш, той, хто працаўладкоўвае, адразу папярэджвае: хлопцы, асьцярожна. Чамадан – у адну машыну, астатнія рэчы – у іншую. Маўляў, у пэўны час усё будзе на месцы. Таксама, трэба сказаць, рызыкоўна… Але яны баяцца, ім, у прынцыпе, таксама рызыка. Уладкаваць людзей апэратыўна вельмі праблематычна. На дзень прыяжджае 20 чалавек, а калі і 40. Увогуле, працаўладкавальнікі – гэта не абавязкова мясцовыя людзі; яны проста плацяць грошы тым, хто стаіць над імі. Але калі справа тычыцца суду, то, натуральна, у турму ідзе “меншы”".

Шмат хто шукае працу за мяжой не ад вялікага жаданьня, а проста таму, што дома аказваецца з “вычарпаным рэсурсам”. Прыкладам, пілёты грамадзянскай авіяцыі могуць пайсьці на пэнсію ўжо ў 45 гадоў. Сёлета ўжо 10 беларускіх лётчыкаў загінулі ў авіякатастрофах у Афрыцы. І абсалютная бальшыня перад ад''ездам на “чорны кантынэнт” не знайшла ніякай альтэрнатывы ў Беларусі.

Расказвае Алена – жонка аднаго зь пілётаў, які цяпер працуе ў Конга.

(Алена: ) “Там працуе шмат беларускіх лётчыкаў, якіх тут выправілі на пэнсію. У пілётаў пэнсія вельмі раньняя, бо налёт гадзінаў, як правіла, вялікі, і бывае, што некаторыя робяцца пэнсіянэрамі ўжо ў 45 гадоў. Таму ўсё вымяраецца ня ўзростам, а гадзінамі налёту. Ёсьць максымум вылету гадзінаў, пасьля якога ўжо лятаць не рэкамэндуецца. І яны едуць, працуюць там. Тут праходзяць мэдычную камісію, зьбіраюць даведкі і едуць туды”.

Больш жорсткія правілы да выезду за мяжу закранулі і тых, хто хацеў бы вучыцца ў іншай краіне. Між тым, студэнты, перакананыя: спосаб трапіць за мяжу людзі будуць знаходзіць. Тым больш, што ёсьць на каго раўняцца. Былы тэлевядучы Беларускага тэлебачаньня Віталь Рахленка ў Швэцыі атрымлівае другую вышэйшую адукацыю і мае пэўныя посьпехі.

(Рахленка: ) “Стыпэндыі атрымліваюць асабліва таленавітыя. Ёсьць выпадкі, калі і студэнты з былога СССР таксама маюць стыпэндыі. Мне таксама пашанцавала, я атрымліваю стыпэндыю. Але дзеля гэтага даводзіцца шмат вучыцца – як кажуць, толькі на чацьвёркі і пяцёркі. Увогуле, існуе сыстэма балаў, і калі не дабіраеш, то памер стыпэндыя істотна ніжэйшы. Таму выгодна вучыцца "на выдатна", бо ў Швэцыі ўсё досыць дорага. Увогуле, мая стыпэндыя складаецца з двух частак: 300 даляраў, якія даюцца на жыцьцё, і другая частка (гэта ўжо кожны вырашае сам) – крэдыт у банку на розныя іншыя патрэбы”.

Калі ліцэнзіі на працаўладкаваньне грамадзянаў Беларусі за мяжой атрымалі 10 фірмаў, то адпаведны дазвол на права дзейнасьці, зьвязанай са “зборам і распаўсюдам інфармацыі аб фізычных асобах з мэтай іх знаёмства”, – толькі два індывідуальныя прадпрымальнікі.
XS
SM
MD
LG