Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Басаеў узяў адказнасьць за напад на Нальчык


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Адказнасьць за напад баевікоў на Нальчык на мінулым тыдні ўзяў на сябе адзін зь вядучых чачэнскіх палявых камандзіраў Шаміль Басаеў. Цягам апошніх гадоў Басаеў ня раз браў на сябе адказнасьць за крывавыя тэрарыстычныя акты. І прадстаўнікі ўладаў, і Басаеў заявілі, што ўдзел у нападзе ўзялі мясцовыя мужчыны. Што штурхае людзей да ваяўнічасьці ў раней мірнай Кабардзіна-Балкарыі, і ці ня ёсьць гэта прыкметай пашырэньня канфлікту на Паўночным Каўказе?

Напад на сталіцу Кабардзіна-Балкарыі вельмі падобны да леташняга нападу на Назрань – сталіцу суседняй Інгушэціі. І тут, і там Басаеву спатрэбіліся мясцовыя маладыя людзі. У абодвух выпадках мішэньню былі мясцовыя міліцыянты і вайскоўцы, урадавыя ўстановы.

Розьніца толькі ў тым, што ў Назрані нападнікі пераважна змаглі ўцячы, у Нальчыку яны не змаглі гэтага зрабіць. Істотна ж іншае: расейскія ўлады прайграюць змаганьне, дапускаючы пашырэньне напружанасьці на новыя тэрыторыі Паўночнага Каўказу – Чачэнія, Дагестан, Паўночная Асеція, Інгушэція і вось цяпер Кабардзіна-Балкарыя.

Назіральнікі зьвярнулі ўвагу, што сярод нападнікаў былі і кабардзіны, і балкары. Лічыцца, што перадусім балкары, якія, гэтак жа, як і чачэнцы, былі сасланыя Сталінам у Сыбір, маюць крыўду на Маскву. Іх пражывае ў рэспубліцы 10 працэнтаў. Кабардзіны, якіх там каля 50 працэнтаў, традыцыйна да Расеі ставіліся даволі паблажліва, бо былі прылашчаныя ёй. Паміж сабою кабардзіны і балкары ня вельмі ладзілі. І вось цяпер яны ў адной ваяўнічай групоўцы, і гэта, як адзначаюць аналітыкі, дрэнны знак для Масквы.

На думку аналітыкаў, менавіта кампанія Масквы супраць ісламскага экстрэмізму падштурхоўвае маладых людзей да радыкалізму. Праваабаронцы адзначаюць, што пад маскай карчаваньня экстрэмізму міліцыянты выкарыстоўваюць зьверскую тактыку супраць мясцовага насельніцтва, асабліва супраць маладых людзей.

Гэта і безнадзейная эканамічная сытуацыя, татальнае беспрацоўе нараджае гнеў у жыхароў рэгіёну, які і выкарыстоўвае Басаеў. На мінулым тыдні і прэзыдэнт Кабардзіна-Балкарыі Арсен Канокаў таксама намякнуў, што кампанія супраць рэлігійнага экстрэмізму, магчыма, ёсьць контарпрадуктыўнай. Ён адзначыў, што масавае закрыцьцё мячэцяў было памылкай.

Швэдзкі экспэрт Свантэ Карнэл сказаў нашаму радыё, што расейскія ўлады патрапілі ў пастку на Паўночным Каўказе. Яны перавялі канфлікт у рэлігійны, у той час, як пачынаўся ён у Чачэніі як этнічны і застаецца сёньня для бальшыні насельніцтва перадусім эканамічнай і сацыяльнай праблемай. На думку швэдзкага экспэрта, замест таго, каб паляпшаць мясцовую эканоміку і спыніць карупцыю, мясцовыя ўлады, якія выконваюць волю Масквы, захапіліся змаганьнем з рэлігійным экстрэмізмам.

(Корнэл: ) “Чым большую рэлігійную афарбоўку канфлікт набываў, тым большы розгалас ён атрымліваў сярод іншых народаў Паўночнага Каўказу. Вынікам – радыкальныя ісламскія групоўкі з Чачэніі пашыраюцца на астатнюю частку Паўночнага Каўказу з прычыны контарпрадуктыўнай палітыкі, якая суправаджаецца панаваньнем Расеі і яе няздольнасьцю вырашаць сацыяльна-эканамічныя праблемы ў рэгіёне.”

Паводле апошніх афіцыйных дадзеных, вынік нападу на Нальчык такі: страты ў баевікоў – 91 чалавек забіты, 36 захопленыя. Таксама забітыя 24 міліцыянты і 12 цывільных жыхароў гораду. Каля 100 чалавек знаходзяцца ў шпіталях. Пошук баевікоў, якія змаглі ўцячы, працягваецца.
XS
SM
MD
LG