Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму служба бясьпекі “Velcom” блякуе тэлефоны апазыцыянэраў?


Любоў Лунёва, Менск Служба бясьпекі мабільнай лічбавай сувязі “Velcom” заблякавала тэлефон прэсавай сакратаркі “Хартыі’97” Натальлі Радзінай. Гэта адбылося за дзень да правядзеньня акцыі салідарнасьці з ахвярамі палітычных рэпрэсіяў. Палітыкі адзначаюць, што гэта ня першы выпадак, калі тэлефоны палітычных актывістаў блякуюцца ў часе акцыяў апазыцыі.

Натальля Радзіна тры гады карыстаецца паслугамі сотавага апэратара “Velcom”. 14 кастрычніка яна дасылала паведамленьні аб акцыі салідарнасьці абанэнтам, якія былі ў нататніку мабільнага тэлефона. 15 кастрычніка тэлефон перастаў працаваць. Высьветлілася, што служба бясьпекі кампаніі дала загад заблякаваць SIM-картку.

(Радзіна: ) “SMS-паведамленьні былі вельмі простага зьместу. Там папросту нагадвалася, што 16 кастрычніка пройдзе акцыя салідарнасьці. Трэба папросту выключыць сьвятло і запаліць сьвечку. Патэлефанавала ў “Velcome”, і мне там паведамілі, што мая SIM-картка заблякаваная, згодна з распараджэньнем службы бясьпекі кампаніі. Гэта абуральная сытуацыя, бо грошы былі ўнесены своечасова і былі на рахунку. Гэтая сытуацыя паўтараецца ў дні выбараў, рэфэрэндумаў, акцыяў пратэсту. Як правіла, SIM-карткі блякуюць лідэрам апазыцыі, журналістам, людзям, якім патрэбная сувязь у гэтыя дні, як ніколі”.

Натальля Радзіна вырашыла, што зьвяртацца ў суд бессэнсоўна. Яна ўпэўнена, што не даб’ецца кампэнсацыі альбо таго, каб сытуацыя, калі ёй заблякуюць тэлефон, не паўтарылася.

Сацыял-дэмакрат Мікола Статкевіч не аднойчы сутыкаўся з тым, што ў самы патрэбны момант яго тэлефон пераставаў працаваць. Ён паведаміў Радыё Свабода, што амаль заўсёды ў часе буйных апазыцыйных акцыяў некаторым актывістам апазыцыі блякуюць тэлефоны.

(Статкевіч: ) “На жаль, гэта зьяўляецца дастаткова распаўсюджанай практыкай. Гэта сьведчыць аб тым, што кампаніі мабільнай сувязі не зьяўляюцца самастойнымі і незалежнымі, а кантралююцца ўладамі і спэцслужбамі. Такая гісторыя была ў часе прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ў дзень галасаваньня на выбарчых участках, каб людзі не маглі паведамляць пра парушэньні. У нармальнай краіне можна было б праз суд спагнаць з кампаніяў за такія рэчы вялікія грашовыя кампэнсацыі. Але ў нас і суд незалежным не зьяўляецца. Унікальны беларускі досьвед”.

Мікола Статкевіч упэўнены, што ў часе выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі такія выпадкі набудуць масавы характар.

У кампаніі “Velcom” паведамілі Радыё Свабода, што тэлефон Натальлі Радзінай адключылі нібыта з тэхнічнай прычыны. Яны спаслаліся на тое, што яна даволі інтэнсіўна дасылала SMS-паведамленьні, і гэта нібыта стварыла праблемы для астатніх абанэнтаў. Апроч таго, тэлефон зарэгістраваны на іншае прозьвішча, што ёсьць парушэньнем дамовы.

Адметна, што такі адказ служба бясьпекі кампаніі падрыхтавала толькі ў другой палове дня 17 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG