Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іраку адбыўся рэфэрэндум


Юрась Бушлякоў, Прага У Іраку працягваецца падлік галасоў, аддадзеных на суботнім рэфэрэндуме ў пытаньні новай канстытуцыі краіны. Тым часам ірацкія й амэрыканскія высокапастаўленыя асобы ўжо выказалі ўпэўненасьць, што вынікі галасаваньня засьведчаць падтрымку іракцамі праекту канстытуцыі.

“Хутчэй за ўсё, дакумэнт прайшоў”, – заявіла напярэдадні дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс. Паводле Райс, нават калі праект канстытуцыі й быў адхілены, даволі актыўны ўдзел у галасаваньні ірацкіх сунітаў сьведчыць, што суніцкая супольнасьць нарэшце вяртаецца ў палітычнае жыцьцё Іраку.

(Райс: ) “Калі канстытуцыя пройдзе, значыць, дэмакратыя зрабіла сваё. Калі зь нейкай прычыны канстытуцыя ня пройдзе, усё адно дэмакратыя зрабіла сваё. Ня скажам жа мы, калі на рэфэрэндуме ў Злучаных Штатах нешта не праходзіць, што такі рэфэрэндум быў у той ці іншай ступені супраць дэмакратычнага працэсу. Найважнейшае тут тое, што ў вялікай колькасьці галасавалі суніты. Гэта азначае, што яны зьвязваюць свой лёс з дэмакратычным працэсам, і так ці іначай іракцы гатовыя цяпер ісьці наперад”.

Заявы Райс выклікалі рэзкую крытыку шэрагу суніцкіх лідэраў, якія выступалі супраць праекту канстытуцыі ў яго цяперашняй рэдакцыі. Салех Мутляк, прадстаўнік Рады нацыянальнага дыялёгу, расцаніў словы дзяржсакратаркі ЗША як сыгнал на адрас Цэнтральнай выбарчай камісіі, каб тая абвясьціла аб падтрымцы канстытуцыі.

Тым часам прадстаўнікі выбарчай камісіі заявілі, што галасаваньне прайшло сумленна. У рэфэрэндуме ўдзельнічала каля 63 працэнтаў выбарнікаў. Канчатковыя вынікі суботняга галасаваньня маюць быць абвешчаныя да 24 кастрычніка.

Назіральнікі спадзяюцца, што рэфэрэндум, даўшы ўсім іракцам магчымасьць прагаласаваць за канстытуцыю або супраць яе, пераканае сунітаў у тым, што іх голас мае значэньне ў Багдадзе. Прадстаўнік ірацкага ўраду Ляйт Куба:

(Куба: ) “Мы добра ведаем, што ў любым выпадку – ці прагаласуюць за канстытуцыю, ці супраць яе – нам трэба абмяркоўваць сытуацыю. Мы ведаем пра значную палярызацыю ў поглядах і памятаем, што Ірак – адна вялікая сям’я: калі частка сям’і не пачуваецца шчасьлівай, нельга жыць у адным доме”.

Суніты дамінавалі ў палітычным жыцьці Іраку да зьвяржэньня рэжыму Хусэйна. Шмат хто з сунітаў цяпер, калі ў палітычным жыцьці краіны дамінуюць шыіты, пабойваецца маргіналізацыі сваёй супольнасьці.

Незалежна ад вынікаў суботняга галасаваньня, перамовы ў пытаньні новай ірацкай канстытуцыі будуць працягвацца. Напярэдадні рэфэрэндуму асноўная суніцкая партыя дамаглася пагадненьня зь лідэрамі шыітаў і курдаў аб стварэньні камітэту для абмеркаваньня паправак у канстытуцыю, якія маглі б быць унесеныя пасьля плянаваных на сьнежань парлямэнцкіх выбараў.

Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня, супраць праекту канстытуцыі прагаласавалі ў дзьвюх з чатырох суніцкіх правінцыяў Іраку. Для таго, каб дакумэнт быў адхілены, супраць яго павінны былі выказацца ня менш як дзьве траціны выбарнікаў прынамсі ў трох правінцыях краіны. У шыіцкіх і курдзкіх рэгіёнах Іраку праект канстытуцыі быў падтрыманы абсалютнай большасьцю галасоў.
XS
SM
MD
LG