Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Т.Кручкоўскага не ўпусьцілі ў Польшчу


Сяргей Астраўцоў, Горадня Усё больш людзей, якія дапамагалі беларускім уладам вярнуць кантроль над Саюзам палякаў, сёньня сутыкаюцца з забаронай на ўезд у Польшчу. Гэта датычыць таксама былога старшыні СПБ Тадэвуша Кручкоўскага і ягонага брата Віктара, які ўваходзіць у кіраўніцтва Ваўкавыскай арганізацыі Саюзу.

Віктар Кручкоўскі спрабаваў трапіць у Польшчу праз КПП “Брузгі-Кузьніца Беластоцкая”. Аднак польская памежная служба скасавала яму ўязную візу і паставіла ў пашпарце штамп аб забароне ўезду.

Ён запатрабаваў перакладчыка, але польскі службовец адмовіў яму, зазначыўшы, што спадар Кручкоўскі два месяцы выконваў абавязкі галоўнага рэдактара газэты “Glos znad Niemna” і павінен разумець польскую мову.

Прыхільнікі Анжалікі Борыс, якую беларускія ўлады не прызнаюць кіраўніком СПБ, ад пачатку лічылі Віктара Кручкоўскага падстаўной асобай на пасадзе рэдактара “Glosu znad Niemna”. Сёньня яны расцэньваюць забарону на ўезд у Польшчу для сваіх апанэнтаў як заканамернасьць.

Журналіст Андрэй Пачобут зазначае, што ў гэтым сьпісе можа быць каля ста чалавек. У выхадныя ён наведаў некаторыя мясцовыя арганізацыі, дзе па-ранейшаму прыхільна ставяцца да Анжалікі Борыс. Там задаволеныя тым, што прыхільнікаў Кручкоўскага не пускаюць у Польшчу. Але самі гэтыя прыхільнікі, той самы Віктар Кручкоўскі, лічаць гэта парушэньнем правоў чалавека. Андрэй Пачобут тым часам зазначае, што любая краіна можа забараніць уезд для некаторых замежнікаў.

(Пачобут: ) “Беларусь часта карыстаецца гэтым правам, калі, напрыклад, не ўпусьцілі польскіх сэнатараў, якія хацелі сустрэцца з намі. Выдаляла Беларусь польскіх журналістаў, якія асьвятлялі канфлікт вакол Саюзу палякаў”.

Сам Віктар Кручкоўскі напісаў пра тое, як яго не пусьцілі ў Польшчу, у ваўкавыскай газэце “Наш Час”. У публікацыі сьцьвярджаецца, што Польшча выслужваецца перад Злучанымі Штатамі, мэта якіх — “зьмена палітычнага ладу ў Беларусі, абраньне новага прэзыдэнта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG