Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч сядзіць у сьледчым ізалятары тры дні


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч тры дні сядзіць за кратамі ў сьледчым ізалятары гарадзенскай турмы. Яго абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры.

Сёньня Мікалай Аўтуховіч атрымаў першую перадачу ад родных. Ваўкавыскі юрыст Андрэй Кухцюк мне паведаміў, што арыштаванаму перадалі прадметы гігіены, пасьцельныя прыналежнасьці, асабістыя рэчы. Ніякіх праблемаў зь перадачай ня ўзьнікла.

Мікалая Аўтуховіча арыштавалі ў пятніцу ва ўпраўленьні фінансавых расьсьледаваньняў у Горадні. Ён прыехаў туды з калегам, каб азнаёміцца з матэрыяламі экспэртызы па фірме “Ніка-транс”. Прадпрымальнік не атрымліваў позвы і не падазраваў, што яму прад’явяць абвінавачаньне і адразу арыштуюць. Гаворыць юрыст Андрэй Кухцюк:

(Кухцюк:) “Мы рыхтуемся ўсё гэта абскардзіць — і абвінавачаньне, і ўзяцьце пад варту. Спачатку ў раённы суд, потым у абласны, абласному пракурору”.

Мікалаю Аўтуховічу налічылі за два гады і два месяцы суму недаплачаных падаткаў — 679 мільёнаў рублёў. Крымінальная справа супраць яго датычыць другой часткі артыкула 243, ім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.

***

Мікалай Аўтуховіч за два гады правёў тры галадоўкі пратэсту, двойчы яго падтрымалі кіроўцы таксовак, таму акцыі рабіліся масавымі. Першая галадоўка адбылася ў кастрычніку 2003 году, другая — увёсну сёлета, апошняя — пры канцы верасьня. Прадпрымальнік пратэставаў супраць штрафных санкцыяў, накладзеных падатковай службай, а два гады таму і супраць арышту таксовак, якія яму належаць. Спадар Аўтуховіч таксама змагаўся за скасаваньне штрафных санкцыяў, якія дасягнулі амаль мільёну даляраў, у судах. Пры канцы верасьня Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду прыняў рашэньне на ягоную карысьць, і прадпрымальнік спыніў галадоўку. Аднак супраць яго распачалі крымінальную справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG