Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец заяўляе, што яго прыватная перапіска пэрлюструецца


Вінцэсь Мудроў, Алёшча Мінула два месяцы, як вядомы апазыцыянэр Павал Севярынец быў выпраўлены на “хімію”: ён працуе штабэлёўшчыкам на лесапункце, які месьціцца на станцыі Алёшча Полацкага раёну. Праца там цяжкая, але “палітхімік” на лёс не наракае. Адзінае, што яго хвалюе, гэта праблемы з паштовай карэспандэнцыяй. Паводле Паўла, некаторыя ягоныя лісты не даходзяць да адрасатаў.

Надарылася так, што я ехаў сёньня цягніком зь Невелю, і на станцыі Алёшча стаўся сьведкам бойкага гандлю: невельскія прадпрымальнікі прадавалі з вагонных прыступак прывезеныя з сабою прадукты, а мясцовыя людзі, пхаючы адзін другога, пнуліся набыць бохан расейскага хлеба. Як высьветлілася, ён на 100 рублёў таньнейшы ад беларускага.

(Людзі: ) “Дайце два батоны! Дайце два батоны! Хлеба дайце!”

Да цягніка, па танныя расейскія харчы, бегаюць і работнікі лесапункту. Аднак Павал Севярынец крамы на колах не наведвае, бо атрымлівае мізэрны заробак. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “За верасень атрымаю 71 тысячу беларускіх рублёў. На сьціплае жыцьцё ў Малым Сітне, у прынцыпе, хопіць”.

Заўважым, што ў “палітхіміка” вылічваюць грошы за абеды ў леспрамгасаўскай сталоўцы, а таксама за жытло ў інтэрнаце. Зрэшты, на сьціплыя заробкі Павал не наракае. Адзінае, што яго турбуе, гэта праблемы з паштовай карэспандэнцыяй.

(Севярынец: ) “За тыя два месяцы, якія я правёў у Малым Сітне, атрымаў больш як пяцьдзясят лістоў і вырашыў адказваць на кожны. Але, калі быў на адпачынку ў Віцебску, высьветліў, што ня ўсе мае лісты даходзяць да адрасатаў. Прынамсі два чалавекі дакладна маіх лістоў не атрымалі. Яшчэ некалькі атрымалі лісты са спазьненьнем паўтара-два тыдні, і некалькі лістоў прыйшлі да мяне пашкоджанымі, у тым ліку і падзертымі. Ёсьць усе падставы меркаваць, што праглядам маёй карэспандэнцыі займаюцца спэцслужбы, каб кантраляваць адзіны канал рэгулярнай сувязі, які тут ёсьць. І таму ў пятніцу я падаў заяву на імя начальніка Полацкага раённага вузла паштовай сувязі Генадзя Парамонава з патрабаваньнем высьветліць — у чым прычына пэрлюстрацыі”.

Паўла не забываюць сябры і калегі. Калі я ішоў на лесапункт, дык сустрэў двух хлопцаў, якія таксама прыехалі ў адведкі. Вось што сказаў адзін зь іх, палачанін Ігар Папоў:

(Папоў: ) “Мы з Полацку. Прыехалі падтрымаць Паўла, каб ён ведаў, што звычайныя гараджане яго не забываюць. Заклікаем усіх, хто нас чуе і ў каго ёсьць такая магчымасьць, таксама наведаць Алёшчу альбо напісаць ліст падтрымкі. Я лічу, што гэта вельмі важна”.
XS
SM
MD
LG