Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КХП БНФ хоча правесьці шэсьце на Курапаты 30 кастрычніка


Ганна Соусь, Менск 30 кастрычніка адбудуцца шэсьце і мітынг у Курапатах, прымеркаваныя да дня памяці продкаў — Дзядоў. Адпаведную заяўку падалі ў Менгарвыканкам і Менаблвыканкам сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. А днём раней, 29 кастрычніка, ва ўрочышчы Курапаты сябры грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” плянуюць правесьці талаку і аднавіць памятную шыльдачку на камяні на курапацкім пагорку.

Як паведаміў Радыё Свабода намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі, сёлета шэсьце на Курапаты, прымеркаванае да Дзядоў, адбудзецца ў нядзелю 30 кастрычніка.

(Беленькі: ) “Збор удзельнікаў у 10.30 на бульвары Талбухіна на пляцоўцы каля гадзіньнікавага заводу. З 11.00 да 14.30 плянуецца шэсьце. У заяўцы мы просім даць дазвол прайсьці ад гадзіньнікавага заводу да кальцавой дарогі па ходніках і адной паласе праезнай часткі. Маршрут традыцыйны. Шэсьце па праспэкце Скарыны, вуліцах Каліноўскага, Сядых, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі да кальцавой дарогі. Пачатк мітынгу ў 14.30, заканчэньне ў 17 гадзінаў”.

Гэта будзе ўжо васямнаццатае шэсьце на Курапаты на Дзяды, пачынаючы ад 1988 году, калі міліцыя пры разгоне ўдзельнікаў акцыі ўжыла сьлезацечны газ. Летась улады далі дазвол на правядзеньне шэсьця на Дзяды, але забаранілі наладзіць мітынг у Курапатах. Арганізатары акцыі зьвязвалі забарону на мітынг з тым, што акцыя адбывалася амаль адразу пасьля рэфэрэндуму і шматлікіх акцыяў на знак пратэсту супраць яго вынікаў.

У мінулыя гады былі выпадкі, калі адразу некалькі партыяў падавалі заяўкі на правядзеньне шэсьця і мітынгу на Дзяды. Сёлета, каб не адбылося супадзеньняў, сябры грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” вырашылі адзначаць гэты дзень 29 кастрычніка. Гаворыць актывіст ініцыятывы Вацлаў Арэшка:

(Арэшка: ) “29 кастрычніка там плянуецца талака з раніцы разам зь сябрамі Партыі БНФ і з усімі ахвотнымі. Пасьля талакі адбудзецца ўсталяваньне той дошкі на камяні “Ад Савету міністраў БССР”, якую скралі. Там будзе паўтор надпісу, які быў, і кароценькі надпіс ад курапацкай ініцыятывы”.

Тым часам актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ традыцыйна ўвосень парадкуюць тэрыторыю ўрочышча Курапаты, месца гібелі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Працягвае намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) “На бліжэйшыя суботы плянуюцца прыблізна аб 11-й гадзіне талокі па прыборцы ўрочышча, падрыхтоўка да ўсталяваньня крыжоў. Уся гэтая праца вельмі патрэбная і з удзячнасьцю прымаецца тымі людзьмі, якія ўвесь час там знаходзяцца, працуюць, якія апякуюцца Курапатамі”.
XS
SM
MD
LG