Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16-га дня кожнага месяца плянуецца ладзіць акцыі салідарнасьці


Ігар Карней, Менск Ініцыятары акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых палітыкаў, беларускімі палітзьняволенымі і ўсімі, хто супрацьстаіць цяперашняму рэжыму, лічаць досьвед кансалідацыі неабыякавых грамадзянаў Беларусі станоўчым. Учора а 20-й гадзіне вечара ў вокнах многіх кватэраў гарэлі сьвечкі, якія сымбалізавалі яднаньне самых розных людзей у барацьбе за свабоду Беларусі. На задуму арганізатараў, кожны 16-ты дзень наступнага месяца будзе праходзіць пад знакам салідарнасьці. “Ажно да нашай перамогі”, — заявіла нашаму карэспандэнту журналістка Ірына Халіп.

Ідэю запаліць сьвечкі, каб нагадаць пра зьніклых палітыкаў і цяперашніх палітзьняволеных, ініцыявалі лідэр грамадзянскай ініцыатывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская, журналістка Ірына Халіп і актывіст руху “Зубр” Мікіта Сасім. Расказвае Ірына Халіп:

(Халіп: ) “У нас не было магчымасьці правесьці добрую інфармацыйную кампанію. Але, тым ня меней, удзельнікаў было дастаткова. Сёньня магу засьведчыць: мы пачалі, стартанулі. Гэта пачатак кампаніі салідарнасьці, якая, спадзяюся, будзе доўжыцца да самай нашай перамогі. А ў тым, што мы пераможам, у мяне няма ніякіх сумненьняў. 16 лістапада, сьнежня і г.д., кожны месяц мы будзем праводзіць акцыі. Пра падрабязнасьці наступнай мы зь Мікітам Сасімам на прэсавай канфэрэнцыі паведамім ужо заўтра”.

Учорашнім вечарам сьвечкі гарэлі ў кватэрах шмат якіх вядомых людзей. Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка паставіла сьвечкі нават не на адным акне, і вось так, пры сьвечках, яны з мужам прасядзелі паўгадзіны замест пятнаццаці хвілінаў. Расказвае муж Зінаіды Бандарэнкі Генадзь Кап’ёў:

(Кап’ёў: ) “Мы за пяць хвілінаў да восьмай паставілі дзьве сьвечкі — на вокнах у двор і на вуліцу. Выключылі цалкам сьвятло і пратрымалі сьвечкі запаленымі паўгадзіны”.

(Карэспандэнт: ) “Бачылі, што ў кагосьці былі яшчэ запаленыя сьвечкі?”

(Кап’ёў: ) “На жаль, не. Паглядзелі з балькону (насупраць нас чыгуначныя дамы) — у адным акне штосьці падобнае было, але, здаецца, гэта толькі водблескі, крыху ня тое... Ідэя сама па сабе вельмі цікавая, але, лічу, трэба ў далейшым са сьвечкамі выходзіць на вуліцу. Аднак, па вялікім рахунку, баюся, што нікому да гэтага асабліва няма справы. Дый мала хто і ведаў пра саму акцыю — па-мойму, “Народная Воля” толькі пра гэта пісала”.

На інфармацыйны вакуўм вакол акцыі зьвяртае ўвагу і кіраўнік зачыненага Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас. На яго думку, акцыі, арыентаваныя на масавасьць, трэба пралічваць з большай дакладнасьцю.

(Колас: ) “На вялікі жаль, я не адсочваў эфэкту і мог меркаваць толькі па тым, што назіраў з вокнаў сваёй кватэры. Аднак сьвечка гарэла, мне здаецца, толькі ў маім вакне, што і сьведчыць пра ступень посьпеху. Я даўно кажу: калі мы пачынаем нейкую справу, трэба яе належным чынам рыхтаваць. Але ж я абсалютна разумею сваіх калегаў і тую сытуацыю, у якой мы існуем. Гэта сытуацыя татальнай апатыі, ляноты розуму і пасіўнасьці грамадзянскай. І разгойдваць усё вось такімі акцыямі, разьлічанымі на масавы ўдзел гэтага грамадзтва, не зусім мэтазгодна, калі мы чакаем рэальнага выніку. Трэба шукаць нейкія іншыя адпаведныя сытуацыі і падыходы”.

Разам з тым спадар Колас, які напярэдадні, 15 кастрычніка, вярнуўся з Польшчы, заўважае: акцыі ў падтрымку беларусаў, якія гэтымі днямі адбыліся ў шэрагу гарадоў ЗША і Польшчы, у Таронта, Будапэшце, Кіеве, Маскве, Таліне, мелі зусім іншы градус грамадзянскай актыўнасьці.

Як расказаў нашаму радыё адзіны кандыдат ад апазыцыі на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Мілінкевіч, увечары 16 кастрычніка ён таксама запаліў сьвечку салідарнасьці ў роднай хаце вёскі Бершты Шчучынскага раёну. “Жыцьцё людзей — гэта сьвятое, яно дадзенае Богам і ніхто ня мае права на яго замахвацца”, — канстатаваў Аляксандар Мілінкевіч.

Зьнешнія спасылкі: • www.solidarity16.org/bel
XS
SM
MD
LG