Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год пасьля рэфэрэндуму: памылкі і ўрокі


Алесь Дашчынскі, Менск Год таму ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум аб падаўжэньні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. У Канстытуцыю былі ўнесеныя адпаведныя зьмены, якія дазваляюць займаць пасаду прэзыдэнта пажыцьцёва, а ня цягам толькі двух тэрмінаў, як гэта было раней. Якім быў гэты год для ўлады і для апазыцыі? Якія ўрокі зрабілі дэмакратычныя сілы год таму і чаго чакаць у наступным годзе?

Паводле старшыні Нацыянальнага камітэту Анатоля Лябедзькі, мінулы год быў складаным. Але цяперашнія тэндэнцыі для палітычных апанэнтаў дзейнага рэжыму спадар Лябедзька лічыць пазытыўнымі. Найперш ён мае на ўвазе нядаўні кангрэс дэміслаў.

(Лябедзька: ) “Гэта доказ таго, што стратэгія аб’яднаньня і адказнасьці перамагла. І што мы ўпершыню за многія гады маем пэрспэктыву добрай падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі. Калі гаварыць пра ўладу, то яна ў гэты час бранзавела. Яна ўсё больш праявіла схільнасьць да сілавых мэханізмаў вырашэньня існуючых праблем”.

А.Лябедзька пагаджаецца, што памылкі з боку апазыцыі ў 2004 годзе былі, а пазьбегнуць іх у будучыні дапаможа мабілізацыйная кампанія.

(Лябедзька: ) “Мы існуем і працуем ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму з яўнымі сымптомамі таталітарнай сыстэмы. Таму ня ўсё залежыць ад апанэнтаў рэжыму. Калі гаварыць пра 2004 год, то там былі плюсы, але і былі адмоўныя моманты. Самае нэгатыўнае — гэта тое, што мы аказаліся не падрыхтаванымі да таго, каб абараняць вынікі сваёй працы і станоўчыя для нас вынікі рэфэрэндуму і выбарчай кампаніі”.

Паводле старшыні фонду “За новую Беларусь” Васіля Лявонава, галоўная памылка апазыцыі ў тым, што яна працуе паводле сцэнара А.Лукашэнкі. І гэтая памылка можа паўтарыцца, бо сапраўдных выбараў ня будзе.

(Лявонаў: ) “Галоўнае — гэта ўплыў на масы, на тое, як нас успрымаюць людзі. Дык апазыцыя выйграла, а ўлада прайграла. І вельмі важна, што апазыцыя правяла кангрэс, што ішла кансалідацыя апазыцыйных сіл. Але сама ўлада, вэртыкаль усё больш разумее, што яна прыйшла да краю, што ўсе мы ідзем ў тупік, у нікуды”.

Экс-старшыня Савету рэспублікі Аляксандар Вайтовіч лічыць, што апазыцыі пакуль няма чым хваліцца: значных посьпехаў няма. Але няма чым пахваліцца і ўладам.

(Вайтовіч: ) “Ну, задаволіў Лукашэнка свае амбіцыі, каб прадоўжыць тэрмін. Ён будзе выкарыстоўваць рэфэрэндум, хаця мы ведаем, што рэфэрэндум нелегітымны, і пытаньне нелегітымнае. Для ўлады і для дзяржавы гэта вялікі мінус, нічога добрага. Адзінае станоўчае — толькі для аднаго індывідыўма — для Лукашэнкі”.

Паводле спадара Вайтовіча, апазыцыя не дапусьціла ніякіх буйных памылак у 2004 годзе. Проста ўлада паказала, як яна дзейнічае, а ў апазыцыі ня вельмі многа магчымасьцяў для манэўру.

Каардынатар “Хартыі’97” Зьміцер Бандарэнка цьвердзіць, што ўмовы, у якіх дзейнічае апазыцыя, найбольш жорсткія ў постсавецкай прасторы, на яе эўрапейскай частцы. Таму тут варта казаць ня толькі пра перамогу апазыцыі.

(Бандарэнка: ) “Палітыкі абралі адзінага кандыдата, але сам ён не пераможа. Павінны ўключыцца масы людзей, павінен уключыцца кожны. Мы можам казаць пра перамогу ідэяў свабоды і дэмакратыі ў беларускім грамадзтве. Мы можам казаць: пераможа ці не пераможа беларускі народ. Я згодны са спадаром Мілінкевічам, што наступствы гэтай паразы для жыцьця мільёнаў людзей будуць канкрэтна адмоўныя. Яны працягнуць жыцьцё ў незалежнай Беларусі, але пры дыктатуры, жабрацтве і пры адсутнасьці свабоды”.
XS
SM
MD
LG