Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хочаш за мяжу — падтрымай дэмакратыю ў Беларусі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многіх слухачоў “Свабоды”, якія пішуць нам у рэдакцыю, непакоіць лёс тых нешматлікіх незалежных грамадзка-палітычных газэт, што, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, яшчэ працягваюць выдавацца ў Беларусі. Цікавасьць да гэтай тэмы асабліва ўзрасла пасьля нядаўніх падзеяў вакол “Народнай Волі”, якую ўлады пазбавілі магчымасьці друкавацца ў Менску і распаўсюджвацца праз кіёскі “Белсаюздруку”. Аўтар аднаго зь лістоў на гэтую тэму — Валер Цюшкевіч зь Менску.

“З абурэньнем успрымаю зьвесткі пра вялізныя штрафы, якімі абкладаюцца незалежныя мэдыі, — піша слухач. — “Народная Воля” толькі нядаўна заплаціла 65 мільёнаў — і зноў была вымушаная шукаць яшчэ 100 мільёнаў рублёў. Дзе шукаць такія грошы? Я прапаную радыкальнае выйсьце. Краіны-сябры Эўразьвязу маглі б увесьці для беларускіх грамадзянаў, якія хочуць перасячы іхную мяжу, адмысловы збор “На падтрымку дэмакратыі ў Беларусі”. Сума магла б быць сымбалічная — напрыклад,1 эўра. Гэтая мера ня ёсьць умяшаньнем ва ўнутраныя справы дзяржавы, таму што правы асобы ня маюць межаў. І ўвогуле — хіба дэмакратыі можа быць занадта? Хто ж супраць яе? Вось гэтыя сродкі накіроўваліся б няўрадавым арганізацыям, у тым ліку і СМІ. Для беларусаў, якія выяжджаюць за мяжу, 1 эўра — невялікія грошы. А вось для чынавенства гэта будзе галаўны боль. Альбо ты перасякаеш мяжу — і падтрымліваеш дэмакратыю, альбо салідарны з рэжымам — і застаесься ў Беларусі. Хопіць трымаць кукіш у кішэні, трэба вызначыцца”.

Няцяжка прадбачыць, спадар Цюшкевіч, якімі маглі б быць адэкватныя меры ў адказ на такую ініцыятыву (калі ўявіць, што яе ўхвалілі б заходнія краіны). У такім разе беларуская ўлада магла б увесьці для грамадзянаў Эўразьвязу памежны збор зь якой небудзь адпаведнай назвай — напрыклад, “На ўмацаваньне рынкавага сацыялізму ў Беларусі”, альбо “На барацьбу з уплывам Захаду”. І нічым добрым для звычайных грамадзянаў па абодва бакі мяжы такая барацьба ня скончылася б.

А ўвогуле, галоўнае пытаньне — ня ў тым, дзе знаходзіць грошы на шматмільённыя неабгрунтаваныя штрафы, а ў тым, як дамагчыся таго, каб у Беларусі дзейнічалі справядлівыя законы і выконваліся грамадзянскія правы, у тым ліку і права свабодна распаўсюджваць і атрымліваць інфармацыю.

Пра стан “Народнай Волі” выказваецца ў сваім лісьце на “Свабоду” і Ўладзімер Грыневіч са Стоўпцаў. Ён лічыць, што штраф 100 мільёнаў рублёў — гэта загадзя сплянаваная акцыя, накіраваная на тое, каб незалежная газэта спыніла існаваньне. Слухач мяркуе, што для тых, хто арганізаваў гэтую акцыю, важна, каб фармальнай прычынай зьнішчэньня газэта былі фінансавыя цяжкасьці, а не прамая дырэктыва ўлады.

Наша слухачка Зінаіда Горбач з пасёлку Вялікая Бераставіца Гарадзенскай вобласьці зь перадачаў Радыё Свабода даведалася пра існаваньне сумеснай беларуска-расейскай камісіі, якая займаецца абаронай правоў чалавека. На гэтую камісію спадарыня Горбач ускладае вялікія спадзяваньні. Яна піша:

“Хачу напісаць туды, як парушаныя правы маёй сям’і: мужа — права на жыцьцё, а маё — на спакойную старасьць. У Беларусі куды ні зьвярталася, безвынікова. Чыноўнікі адзін аднаго абараняюць, а просты чалавек нічога дамагчыся ня можа. Так яўна падманваюць, нікога і нічога не баючыся, што нават страшна становіцца. Да чаго ж мы дажыліся, просты народ”.

У сваім лісьце Зінаіда Горбач з пасёлку Бераставіца Гарадзенскай вобласьці просіць больш падрабязна паведаміць пра беларуска-расейскую камісію.

Грамадзкая двухбаковая праваабарончая камісія, пра якую ідзе размова, працуе ў складзе Савету пры прэзыдэнту Расеі ў справах судзеяньня разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека. Створана яна сёлета ў чэрвені. Яе сустаршынямі сталі палітоляг Сяргей Караганаў і генэрал Валеры Паўлаў. А ўваходзяць у камісію ўпаўнаважаны па правах чалавека ў Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Лукін, тэлевядучыя Ўладзімер Позьнер, Павал Шарамет і Мікалай Сванідзэ, праваабаронцы Валянцін Гефтэр і Людміла Аляксеева. Нядаўна гэтая камісія зьвярнула ўвагу на праблему палітычных зьнікненьняў у Беларусі.

Вы, спадарыня Горбач, вядома, можаце зьвярнуцца да гэтых асобаў, адрасаваўшы свой ліст у Маскву, у Крэмль, у Савет пры прэзыдэнту Расеі. Хоць вам варта мець на ўвазе, што значных паўнамоцтваў у гэтай камісіі няма, дзейнічае яна на грамадзкіх асновах. І таму вымушана засяроджвацца на разглядзе толькі грамадзка значных інцыдэнтаў, якія атрымалі вялікі розгалас у абедзьвюх дзяржавах.

Тацяна Барэль з Асіповічаў піша пра тое, да якіх наступстваў прывяла палітыка русіфікацыі грамадзкага жыцьця ў Беларусі:

“Беларускамоўнае асяродзьдзе імкліва зьнішчаецца, людзі ня хочуць аддаваць дзяцей у нацыянальныя клясы і школы, бо няма пэрспэктывы: беларускамоўных ВНУ ў Беларусі не існуе. Дарэмна сабралі мы на Асіповіччыне больш за 800 подпісаў у падтрымку стварэньня беларускага ўнівэрсытэту: ніхто нас не паслухаў. Большасьць чыноўнікаў ад адукацыі мэтадычна зьнішчаюць беларушчыну. Цяпер ім дапамагаюць і ідэолягі. Русіфікацыя набыла катастрафічныя маштабы. Нават у Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры, дзе знаходзяцца парэшткі Сьвятой Эўфрасіньні, не гучыць беларуская мова. Так зьнікае глеба, на якой маглі б нарадзіцца нашы новыя прарокі — такія, якімі былі Купала і Быкаў. На жаль, наша нацыя ня хоча разумець гэтага — і гіне”.

Падставаў для пэсымістычнага настрою ў тых, хто заклапочаны лёсам роднай мовы, сапраўды, спадарыня Барэль, нямала. Асабліва калі ўспомніць, якія пэрспэктывы раскрываліся напрыканцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў, калі была распрацавана і прынята Праграма адраджэньня беларускай мовы, калі імкліва мянялася вонкавае афармленьне вуліц і плошчаў у гарадах і пасёлках, калі беларускамоўнымі станавіліся школы і дзіцячыя садкі…

Але такім зьменлівым было стаўленьне ўлады і грамадзтва да мовы на працягу ўсяго мінулага стагодзьдзя: усьлед за кароткім пэрыядам адраджэньня надыходзіла паласа ўціску і заняпаду. І ўсё ж кожны раз нават у самых неспрыяльных умовах мове ўдавалася выжыць. Так, у ХХ стагодзьдзі гэтаму спрыяла вёска, якая сёньня ўжо ня мае сілаў, каб заставацца захавальніцай беларушчыны. Але затое сёньня ёсьць даволі шырокі пласт беларускамоўнай студэнцкай моладзі, палітычных актывістаў партый і рухаў, інтэлігенцыі.

Былы савецкі афіцэр Мікола Канаховіч з Пружанаў разважае пра тое, як у беларускім грамадзтве ставяцца да біяграфічных зьвестак пра сваіх палітычных лідэраў. Слухач піша:

“Памятаю, як калісьці паступаў у вайсковую вучэльню, дык патрабаваліся падрабязныя зьвесткі пра дзядоў, бабуль і іншых, больш далёкіх сваякоў. Ня кажучы ўжо пра сваіх бацькоў, братоў, сясьцёр. А што ўжо казаць пра чалавека, які прэтэндуе на тое, каб кіраваць дзяржавай. Тут трэба ведаць увесь радавод: зь якой ён сям’і, хто ягоныя продкі, як ён ладзіць з жонкай. Бо гэта ж ненармальна — давяраць чалавеку лёс цэлай краіны, калі ён, напрыклад, ня можа забясьпечыць згоду ва ўласнай сям’і ці вядзе амаральны лад жыцьця. Які ж гэта будзе ўзор для грамадзтва?

У Беларусі любяць хваліцца. Маўляў, мы, беларусы, і разумныя, і таленавітыя, і адукаваныя, і працавітыя. Займаем паводле ўзроўню разьвіцьця, як падлічыла ААН, аж 63-е месца ў сьвеце. Але ўсё гэта лухта. Калі мы ня можам абараніць уласную мову, калі ня цэнім незалежнасьць сваёй краіны, не цікавімся біяграфіяй свайго кіраўніка — дык аб якім розуме можа ісьці гаворка”.

Так, спадар Канаховіч, у дэмакратычных краінах палітыкі, якія прэтэндуюць на высокія выбарныя пасады ў дзяржаве, павінны паведамляць грамадзтву многія падрабязнасьці сваёй біяграфіі, у тым ліку шмат якія зьвесткі прыватнага жыцьця. Там склалася такая традыцыя, і гэта ня лічыцца ўмяшаньнем у асабістыя справы чалавека. Палітыкі пагаджаюцца на гэта. Бо, сапраўды: давяраючы табе лёс краіны, людзі павінны быць упэўнены ў тваіх маральных якасьцях, у тым, што ў цябе чыстыя намеры, што ты ня кінеш людзей у цяжкую хвіліну. А як вызначыць усё гэта? Толькі на падставе папярэдняга жыцьця палітыка — у тым ліку і сямейнага жыцьця.

У Беларусі такая традыцыя склацца не пасьпела. Да 1994 году ў краіне яшчэ не было свабодных дэмакратычных выбараў. А пасьля 1994-га — ужо ня стала.

Цягам мінулых дзён нам таксама напісалі Васіль Манюшка зь Іўя і Аляксей Мацюкевіч з Жодзіна. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG