Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага - 17 кастрычніка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 17 кастрычніка

“Жыцьцё беларуса”, 1925 год:

“У Віцебску ёсьць два асяродкі, у якіх гуртуюцца беларускія культурныя сілы: гэта — Віцебскае Акруговае Таварыства Краязнаўства і філія “Маладняка”. Паскольку апошняе мае сваей мэтай разьвіцьцё паэзіі і мастацтва наагул, пастольку краязнаўчае таварыства ахоплівае досьледы над самымі рознымі галінамі жыцьця Віцебшчыны… Калі да ўсяго гэтага дадамо, што ў Віцебску істнуюць: Аддзяленьне Беларускага Дзяржаўнага Музэю, багаты архіў (як Аддзяленьне Беларускага Цэнтрархіву), Беларускі Мастацкі Тэхнікум, Белар. Пэдагагічны Тэхнікум і г.д., дык абраз беларускае культурнае працы ў Віцебшчыне — паміма арганізацыі беларускіх народных школ — будзе даволі поўны”.

“Звязда”, 1935 год. Пра беларускую кантору “Інтурыст”:

“Беларуская кантора зараз рыхтуецца да значнага расшырэння работ у сезоне 1936 года. Для папулярызацыі БССР будуць выданы на замежных мовах (у прыватнасці для Амерыкі) асобныя брашуры. База канторы расшырыцца, адкрыюцца невялікія філіялы ў радзе гарадоў рэспублікі — у Гомелі, Бабруйску, Барысаве. Павялічыцца колькасць аб’ектаў паказу турыстам, павялічваецца і аўтатранспарт канторы… Прыязджаючыя замежныя турысты-рабочыя часцей за ўсё задаюць адно пытанне: “Ці можна застацца ў Савецкім Саюзе?”

“Советская Белоруссия”, 1945 год. Нехта Г.Пастрон скардзіцца:

“Нядаўна ў Полацку адбыўся канцэрт цыганскага ансамблю пад кіраўніцтвам Аляксандрава. У той вечар кожны палачанін, што быў на канцэрце, выдаткаваў 15 рублёў, акрамя таго патраціў шмат часу на набыцьцё квітка (каса адчынілася са спазьненьнем на дзьве гадзіны). Рэпэртуар канцэрту — суцэльная халтура. Гэта выклікала абурэньне гледачоў. Выканаўцам давялося “датэрмінова” пакідаць сцэну, таму што гледачы не пажадалі далей слухаць… Полацак — абласны горад. Штодня расьце прамысловасьць, насельніцтва, растуць і запатрабаваньні жыхароў. Хочацца пасьля працоўнага дня весела і культурна адпачыць. Аднак, на жаль! Няма дзе”.
XS
SM
MD
LG